У Горках пратэсты супраць адлічэньня студэнта з акадэміі
У Горках дзесяць актывістаў мясцовай кааліцыі дэмакратычных сілаў сёньня правялі акцыю пратэсту супраць адлічэньня зь сельскагаспадарчай акадэміі Ігара Пажарыцкага. Акцыя адбылася на тэрыторыі гэтай навучальнай установы.
На працягу гадзіны актывісты раздавалі студэнтам і выкладчыкам адмысловы нумар недзяржаўнай газэты “Горацкі выбар” з асноўнай тэмай — “Адлічэньне Ігара Пажарыцкага з акадэміі”. Акрамя таго, распаўсюджвалі студэнцкую газэту “Студэнцкі гарадок”, якую рэдагаваў Ігар Пажарыцкі. Агулам раздадзена блізу тысячы асобнікаў.
Што да самога Ігара Пажарыцкага, то ўчора яго азнаёмілі з загадам пра адлічэньне. Былы студэнт будзе абскарджваць загад у Міністэрстве адукацыі. Пры адмоўным рашэньні зьбіраецца судзіцца з адміністрацыяй акадэміі, дамагаючыся свайго аднаўленьня.
Ігар Пажарыцкі зьвязвае адлічэньне са сваёй грамадзкай дзейнасьцю. Ён рэдагаваў студэнцкую газэту “Студэнцкі гарадок”, быў карэспандэнтам недзяржаўнай газэты “Ўзгорак”, а таксама зьбіраў подпісы студэнтаў супраць будаўніцтва ў Горацкім раёне атамнай электрастанцыі.
Афіцыйна Ігара Пажарыцкага адлічылі з акадэміі за непасьпяховасьць у навучаньні.