viasna on patreon

Суд вынес буйныя штрафы салігорскім прадпрымальнікам

2008 2008-02-28T14:59:46+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

27 лютага суд Мінскага раёну і г. Заслаўля разгледзеў адміністратыўныя справы, складзеныя на трох членаў сям'і прадпрымальніка з Салігорску Аляксандра Цацуры, а таксама Віктара Крываля. Судзьдзя Сяргей Афонскі прызнаў іх віноўнымі ў правапарушэньні па арт. 23.4 КаАП - "Непадпарадкаваньне законным патрабаваньням супрацоўніку міліцыі" і вынес спагнаньне ў выглядзе штрафаў: Аляксандр Цацура 50 базавых адзінак, Цацура Тамара - 30 б.а., Цацура Ільля - 30 б.а. Віктару Крывалю, які зараз адбывае 15-суткавы арышт, таксама завочна прысуджаны штраф ў памеры 50 б.в

Нагадаем, 10 студзеня Аляксандр Цацура, які зьяўляўся адным з заяўнікаў запланаванага мітынгу прадпрымальнікаў, накіроўваўся на ўласнай машыне на акцыю ў сталіцу. У мікрааўтобусе таксама ехалі жонка і сын Аляксандар Цацуры і прадпрымальнік Віктар Крываль, аднак па дарозе ў Менск былі затрыманыя супрацоўнікамі ДАІ. Тады міліцыянты забралі ў салігорскага актывіста вадзіцельскія дакументы і абвінавацілі ў тым, што ягоны мікраўтобус рухаўся па левай паласе дарогі, тым часам як правая была нібыта вольная. Калі ж Аляксандар Цацура з сям'ёй і Віктар Крываль рушылі ў Менск пешкі, то іх пад прымусам даставілі ў РАУС Менскага раёну, дзе затрымалі на сем гадзінаў. У аддзеле міліцыянты абвінавацілі ўсіх чатырох у непадпарадкаваньні патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі.

13 лютага пасьля адбыцьця 5-суткавага арышту за збор подпісаў пад зваротам да мясцовай улады з заклікам паспрыяць адмене прэзідэнцкага ўказу № 760 Аляксандр Цацура быў выкліканы ў cалігорскую дзяржаўтаінспекцыю. Міліцыянты прад’явілі яму афіцыйную пастанову аб пазбаўленьні вадзіцельскіх правоў на два гады і выплаце штрафу ў памеры 350 тысяч рублёў.

11 лютага Менскі райсуд ужо разглядаў адміністратыўную справу рэгіянальнага актывіста прадпрымальніцкага руху Віктара Крываля, аднак быў судовае паседжаньне перанесьлі на 27 лютага з прычыны хадайніцтва сп. Крываля, каб разгляд справы адбываўся на беларускай мове. Акрамя таго, у той дзень на паседжаньні не мог прысутнічаць салігорскі прадпрымальнік Аляксандра Цацуры, які адбываў арышт.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства