viasna on patreon

Ф.Вячорка: “Палову сьцягоў і ўлётак да масавых акцый адбірае міліцыя”

2008 2008-03-04T14:18:55+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Сёньня журналіст Аляксандар Уліцёнак размаўляе з Франакам Вячоркам пра эфэктыўнасьць працы ў мабілізацыі прыхільнікаў дэмакратычных пераменаў.

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Франак Вячорка. Назаўтра пасьля 90-х угодкаў БНР ён будзе сьвяткаваць сваё 20-годзьдзе. У 2005-м скончыў падпольны Нацыянальны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа. З 2005 па 2008 вучыўся на факультэце журналістыкі БДУ, з трэцяга курса якога 18 лютага 2008 году пасьля 15-суткавага арышту за “нецэнзурную лаянку” быў адлічаны. Сярод шматлікіх грамадзкіх абавязкаў Франака Вячоркі – інфармацыйнае забесьпячэньне масавых апазыцыйных акцыяў. 

Уліцёнак: “Колькі людзей рыхтуе акцыю 25 сакавіка?”

Вячорка: “Каля 20, каб не памыліцца суб’ектаў – палітычныя партыі, грамадзкія аб’яднаньні… Гэта тысячы людзей. Але актыўна – ня болей за 7-10 асобаў”.

Уліцёнак: “І колькі часу працягваецца гэтая праца?”

Вячорка: “Пачалася ў сьнежні 2007 году. За месяц-два распрацоўваецца канцэпцыя мастацкага аздабленьня: выпускаецца лінейка паштовачак, улётак, газэт да акцыі, якія ідуць па Менску, рэгіёнах…”

Уліцёнак: “Як часта і як многа канфіскуецца гэтай прадукцыі?”

Вячорка: “Вельмі шмат: да 50 працэнтаў трапляе ў рукі міліцыі”.

Уліцёнак: “Ці падзяляеце вы думку, што шмат якой апазыцыйнай прадукцыі бракуе крэатыву: яна, так бы мовіць, дубова-лёзунгавая”?

Вячорка: “Абсалютна згодны. Нам не хапае ня толькі палітычных тэхнолягаў, але й палітычных дызайнэраў.

Каб хоць неяк выправіць становішча, прыцягваем для працы над рознымі акцыямі яскравых інтэрнэтнікаў. Самыя заўважныя сярод іх – ЖЖ-юзэр Люфт альбо Загорскі…”

Уліцёнак: “У інтэрнэце прачытаў лёзунгі новасібірскай апазыцыі на адным з перадвыбарных мітынгаў: “Пуцін лепшы за Гітлера!”, “Пуцін – наша ўсё! Усё надакучыла…” Як вы думаеце: падобнага роду лёзунгі магчымыя ў беларускіх умовах?”

Вячорка: “Натуральна. Чым больш нечаканы лёзунг, тым мацнейшы яго эфэкт”.

Уліцёнак: “Скажыце, Франак, а як вам такая вось думка: выніковасьцю ў інфармацыйнай падтрымцы масавай акцыі можна лічыць яўку на яе?”

Вячорка: “Мяне не задавальняюць ані вынік акцыяў, ані яўка на іх. Аднак я супраць ацэнкі якасьці кампаніі па мабілізацыі людзей выключна колькасьцю ўдзельнікаў. Калі гаварыць пра акцыю прадпрымальнікаў, на якой сапраўды было з тысячу чалавек, то ні з чым не параўнальная прастора і рэха ад гэтай акцыі ў СМІ, інтэрнэце, у размовах звычайных шарагоўцаў. Тое самае і з Эўрапейскім маршам.

Таму мэты акцыі трэба ставіць ня дубам – маўляў, хочам сабраць 20 тысячаў чалавек, а каб напрыклад, Эўрапейскі марш дабіўся росту прыхільнасьці людзей да ўступу ў Эўразьвяз на 10 працэнтаў. Вось гэта ёсьць канкрэтная мэта.

Самамэта – ня акцыя, а рэха і ўплыў гэтай акцыі на грамадзкую сьвядомасьць”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства