“Беларускі тыдзень” у Страсбургу
10–13 сакавіка ў Страсбургу ў рамках чарговай сесіі Еўрапарламента пройдуць мерапрыемствы ў гонар 90-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі пад назовам «Беларускі тыдзень».
Сярод гасцей «Беларускага тыдня» будуць старшыня Еўрапарламенту Ганс-Герт Потэрынг, кіраўнік фракцыі Еўрапейскай народнай партыі Джозэф Доўл, кіраўнік камітэту па замежных сувязях Яцэк Сарыюш-Вольскі.
Як паведамілі ў офісе ініцыятара гэтага праекту, кіраўніка дэлегацыі па сувязях з Беларуссю, польскага дэпутата Яцка Пратасевіча, праграма ўключае паказ фільму рэжысёра Юр'я Хашчавацкага «Плошча», выставы мастакоў Алеся Марачкіна й Рыгора Сітніцы, фатографаў Ігара Крашэўскага і Адама Тухлінскага. Запланаваны таксама выступ гурту Змітра Вайцюшкевіча «W-Z Orchestra».
Цягам тыдня запланаваныя дыскусіі і сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай грамадскасці, іх прэс-канферэнцыя, а таксама абмен думкамі па тэме «Незалежная Беларусь – неад'емная частка Еўропы». Будзе паднімацца пытанне, – якое лабіруюць беларуская апазыцыя і дэпутаты Еўрапарламенту, – пра паніжэнне памеру консульскага збору з беларусаў за шэнгенскія візы.
Сярод 24 запрошаных беларусаў – старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвілла, лідэр апазіцыі Аляксандр Мілінкевіч, старшыня Партыі БНФ, педагог Лявон Баршчэўскі, эканаміст, намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук, былы палітвязень, лідэр Хрысціянскай Дэмакратыі Павал Севярынец, паэт і дыпламат Генадзь Бураўкін, праваабаронцы Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч, прафесар-сацыёлаг Андрэй Вардамацкі.
«Беларускі тыдзень» арганізуе і фінансуе найбуйнейшая фракцыя Еўрапарламенту — фракцыя Еўрапейскай народнай партыі – Еўрапейскіх дэмакратаў.