Прадстаўнікі ПА АБСЭ заявілі, што сітуацыя ў Беларусі пагаршаецца
Радыё Свабода
Завяршыўся трохдзённы візыт у Менск адмысловай рабочай групы ў справах Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ на чале з Утай Цапф. Сябры групы не заўважылі паляпшэньня агульнай сытуацыі ў Беларусі, наадварот, выказалі занепакоенасьць новымі дзеяньнямі беларускіх уладаў, скіраваных на ліквідацыю незалежных грамадзкіх арганізацыяў, а таксама судовым перасьледам Міхаіла Марыніча, Валерыя Леванеўскага, Аляксандра Васільева, адмовай у датэрміновым вызваленьні Юрыя Бандажэўскага.
У выніковым дакумэнце, падрыхтаваным дэпутатам Бундэстагу Утай Цапф і яе калегамі, робіцца ацэнка аб недэмакратычным характары леташніх парлямэнцкіх выбараў. У сувязі з гэтым было заяўлена, што “Нацыянальны сход ня можа прадстаўляць сапраўднае волевыяўленьне беларускага народу”. Тым ня менш, Ута Цапф паведаміла, што Парлямэнцкая асамблея АБСЭ мае намер узнавіць дыялёг паміж беларускімі ўладамі й палітычнай апазыцыяй. Першай спробай навесьці масты стане вялікі сэмінар пад назовам “Адкрыцьцё магчымасьцяў для Беларусі ў рамках праграмы добрасуседзтва Эўразьвязу”. Ён адбудзецца напрыканцы траўня — пачатку чэрвеня ў Менску.
Спадарыня Цапф асабліва падкрэсьліла, што “сэмінар ня будзе праходзіць за зачыненымі дзьвярыма, у абмеркаваньне павінны быць уключаныя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці і палітычных партыяў”.
(Цапф: ) “У часе цяперашняга візыту, гэта вельмі важна адзначыць, нашая рабочая група мела сустрэчу з новымі дэпутатамі Парлямэнцкага сходу. Пакуль нельга сьцьвярджаць у гэтым зьвязку, што ў нас будзе пэўны прагрэс ў дыялёгу, аднак мы на яго спадзяёмся”.
Ута Цапф заявіла, што сытуацыя ў Беларусі ў некаторых сфэрах пагоршылася, беларускія ўлады не выконваюць сваіх абяцаньняў. Прадстаўнікі ПА АБСЭ зьвярнулі ўвагу на ціск беларускіх уладаў на палітычныя партыі і грамадзкія арганізацыі. У прыватнасьці, быў згаданы загад Мінюсту аб пераводзе офісаў партыйных суполак у нежылыя памяшканьні, ды іншыя захады, якія, на думку замежных парлямэнтароў, “бальшыні партыў складана, а часам нават немагчыма выканаць”.
Сябры рабочай групы Фрэд Пансанбі зь Вялікабрытаніі і Габар Гарс з Вугоршчыны засяродзілі ўвагу на тым, што працэсы, якія адбываюцца цяпер ў Эўропе, ня могуць ня мець уплыву на Беларусь. Дэмакратычная Эўропа ітэгруецца і пашыраецца, і калі Беларусь ня будзе гэтага ўлічваць, то яна яшчэ далей адыдзе ад агульнай эўрапейскай прасторы. Пра гэта замежныя дэпутаты казалі міністру замежных справаў Беларусі Сяргею Мартынаву, кіраўніку Палаты прадстаўнікоў Уладзімеру Канаплёву. А тыя акцэнтавалі ўвагу гасьцей на стабільнасьці ў Беларусі. У сувязі з гэтым брытанскі парлямэнтар сказаў, што беларуская “стабільнасьць” вельмі падобная на стагнацыю.
А Габар Гарс паведаміў, што ніхто з афіцыйных асобаў так і не адказаў на ягонае пытаньне: калі ў Беларусі ўсё так добра ды спакойна, дык навошта ж тады ўжываць такія жорсткія рэпрэсіі супраць людзей, якія маюць альтэрнатыўныя ўладам думкі?