viasna on patreon

КДБ працуе на газету ”Шлях Перамогі”, ці газета ”Шлях Перамогі” на КДБ

2008 2008-03-07T12:46:48+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Нядаўна Вялейку наведаў прафесар Лёнданскага універсітэту Майк Джэмпсан. Па просьбе рэдактара газеты ”Шлях Перамогі” Марыі Кузаўкінай ён пагадзіўся даць інтэрв’ю. На сустрэчу рэдактар прывяла пад відам практыканта кадравага супрацоўніка КДБ.

А было усё так…

 

Мае сябры паведамілі мне, што ў Беларусь прыязджае журналіст, прафесар, які спецыялізуецца на пытаньнях журналісцкай этыкі. Ён ездзіць па нашай краіне і знаёміцца з недзяржаўнымі СМІ. Ну, і вяляйчанам было прапанавана зладзіць з ім сустрэчу, пазнаёміць з рэдакцыямі нашых выданьняў – ”Лілеі”, ”Волата, ”Аб’ектыва”. Я пагадзіўся.

Я папярэдзіў пра сустрэчу сваіх сяброў. І казаў, што прыедзе журналіст-галандзец. Хаця сам спадар Джэмпсан па нацыянальнасьці ірландзец. Рабіў я гэта адмыслова.

І вось за пару дзён да сустрэчы тэлефануе мне Марыя Рамуальдаўна Кузаўкіна і кажа: ”Да вас прыязджае ірландскі журналіст, я хачу з ім сустрэцца і ўзяць інтэрв’ю для ”ШП”. А ў горадзе яго сапраўдную нацыянальнасьць ведаў толькі я. Значыць, яна даведалася пра прыезд з ”кампетэнтных крыніц”.

Але я даў згоду паразмаўляць з Майкам Джэмпсанам. Ён пагадзіўся.

І вось у суботу, у непрацоўны для рэдакцыі ”ШП” дзень, мы прыходзім у іх офіс па вул. Вадап’янава. Знаёмімся. Спадарыня Кузаўкіна прадстаўляе нам маладога чалавека і кажа, што гэта практыкант, студэнт факультэта журналістыкі.

Працяглы час Марыя Рамуальдаўна задае пытаньні, потым - ”практыкант”. І пры размове яго вочы сьвецяцца такой шчырасьцю да суразмоўцы, што я ня вытрымаў і сфатаргафаваў яго.

Асабліва М. Кузаўкіну зацікавіў асноўны накірунак дзейнасьці прафесара – журналісцкая этыка. Яна доўга распытвала сп. Майка пра этыку журналіста, а потым папрасіла, каб ён нават семінар правёў для ”Шляху Перамогі” ў наступны прыезд па этыцы. Маўляў, гэта вельмі важнае пытаньне. Прызнаюся, нават я тут паверыў у шчырасьць Марыі Рамуальдаўны! А як жа было не паверыць замежнаму журналісту, які ў адрозьненьне ад мяне ня ведае пра нашыя спецслужбы, не арыштоўваўся і ня быў судзімы. І значыць, не знаёмы зь вераломствам КДБ.

Як аказалася, і праўда з этыкай ў ”ШП” праблемы, ну, калі не ва ўсёй рэдакцыі, дык у спадарыні Кузаўкінай дакладна.

Я вырашыў высьветліць, што ж гэта за ”практыкант”. Фота яго ў мяне было. Астатняе – справа тэхнікі. І аказваецца, гэты малады чалавек - кадравы супрацоўнік вялейска-мядзельскага міжраённага ўпраўленьня КДБ Дзіма Шумскі! Я гэтага чакаў, але ўсё роўна быў здзіўлены.

І цяпер у мяне застаюцца пытаньні:

Можа, супрацоўнік КДБ Шумскі атрымлівае малы заробак і праўда ”падпрацоўвае” ў газэце?

А можа М. Кузаўкіна ”падпрацоўвае” ў КДБ з-за недахопу грошаў ці з другіх падставаў?

Ня ведаю.

Але думаю, паводзіны спадарыні Кузаўкінай не стасуюцца з журналісцкай этыкай. Мо, ім і праўда патрэбен сэмінар па гэтай тэме? Але пытаньне этыкі, на мой погляд, цесна зьвязана з сумленьнем. Пры адсутнасьці апошняга ніякія сэмінары не дапамогуць!

Дый ці пагодзіцца цяпер Майк Джэмпсан праводзіць семінар. Бо на яго спадарыня Кузаўкіна можа запрасіць увесь асабовы склад КДБ і Вялейскага РАУСа для масавасьці.

А для Дзімы Шумскага дам бясплатна адзін урок: не забывайся пра старыну Холмса! Ідзеш на аперацыю – мяняй зьнешнасьць! Вусы клей, парыкі, акуляры. Каб не пазналі.

Але досьвед - справа нажыўная. Толькі вось дрэнна ты пачынаеш сваю кар’еру, можаш дрэнна і закончыць. Ты ж яшчэ малады чалавек, у адрозьненьне ад твайго кіраўніцтва, і да канца праўленьня паважанага Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі на пенсію ня выйдзеш, як яны. А там, можа, і адказваць прыйдзецца за сваю дзейнасьць.

Ну, і не крыўдуй за мой артыкул. Я ж ня крыўджуся на твае ”перевоплощения”.

 


Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства