viasna on patreon

Пастара абавязалі разбурыць свой дом

2008 2008-03-14T09:18:36+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/ganch1.jpg
Пастар Ганчарэнка

Пастар Ганчарэнка

Пастар пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё” атрымаў прадпісаньне з адміністрацыі Цэнтральнага раёну Менску разбурыць свой прыватны дом на вуліцы Рэпіна. Намесьнік кіраўніка адміністрацыі Зьміцер Навіцкі спасылаецца на тое, што дом выкарыстоўваецца не паводле прызначэньня, і рэканструкцыя будынку зроблена без дазволу. Вячаслаў Ганчарэнка лічыць, што прэтэнзіі спадара Навіцкага ёсьць супадзеньнем уласных інтарэсаў чыноўніка-бізнэсоўца з палітыкай уладаў у дачыненьні царквы.


Восем гадоў таму Вячаслаў і Ірына Ганчарэнкі набылі на вуліцы Рэпіна стары дом. Раней ён быў зарэгістраваны як кватэра на балянсе ЖЭС. Папярэдні жыхар яе прыватызаваў і прадаў маладой сям’і. Дом быў вельмі стары, і новыя гаспадары зрабілі рэканструкцыю.

У прадпісаньні з выканкаму Цэнтральнага раёну сказана, што рэканструкцыя праводзілася без дазволу. Намесьнік кіраўніка адміністрацыі Зьміцер Навіцкі патлумачыў “Свабодзе”:

“Самавольная рэканструкцыя, як і любыя самавольныя прыбудовы ў нас, паводле заканадаўства, зносяцца за кошт вінаватага боку. Прыбудова двухпавярховая, і яна паводле свайго аб’ёму перавышае аб’ём ранейшага будынку. Згодна з заканадаўствам, мы маем права прыняць рашэньне аб прымусовым зносе”.

Спадар Навіцкі спаслаўся на тое, што дом выкарыстоўваецца не па прызначэньні. Але, паводле яго, гэта цяпер ня мае вялікага значэньня, бо ўсё роўна раён, дзе жыве сям’я пастара, ідзе пад знос:

“Там наогул яшчэ будаўнік ня вызначаны. Гаварыць пра прасоўваньне сьмешна. Сёньня распрацоўваецца праект забудовы”.

Гаворыць Вячаслаў Ганчарэнка:

“Мы зьвярталіся ў Камітэт архітэктуры горада і даведаліся, што наш дом не ідзе пад знос. Я думаю, што тут ёсьць інтарэсы Навіцкага, а таксама інтарэсы, магчыма, Менгарвыканкаму, які думае, што ў нашым доме знаходзіцца офіс. А гэта ня так”.

Жонка пастара Ірына Ганчарэнка разам зь іншымі вернікамі царквы трымала галадоўку, калі ўлады спрабавалі адабраць будынак царквы на вуліцы Кавалёва. Яна лічыць, што цяпер улады ўзяліся за яе мужа. Ірына прыгадала, што іх уласны дом дапамагалі будаваць яе бацькі і браты:

“У нас тры маленькія дачкі. Дзьве ўжо ходзяць у школу, а малодшай яшчэ чатыры годзікі. Гэта зусім не па-чалавечы так рабіць... Як так можна? Мы за свае грошы столькі гадоў будавалі гэты дом!.. Нам далі дазвол, усе дакумэнты ў парадку... Гэта папросту абурае”.

Паводле прадпісаньня, пастар Вячаслаў Ганчарэнка мусіць да такой ступені разбурыць свой дом, каб ён зьнешне выглядаў як той, які быў тут восем гадоў таму. Зрабіць гэта трэба да 18 сакавіка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства