У Менску затрыманы грамадскі актывіст Зміцер Касперовіч
15 сакавіка ў Менску затрыманы прадстаўнік аргкамітэта па стварэньні Беларускага камітэта ў абарону правоў зьняволеных "Над бар'ерам" Зміцер Касперовіч. Як паведаміў БелаПАН,яго калега Цімафей Дранчук, Касперовіча спынілі супрацоўнікі ДАІ, калі ён знаходзіцца за рулём свайго аўтамабіля, прыкладна ў 12 гадзін у раёне станцыі метро "Акадэмія навук".
"Затрымоўвалі яго тры машыны ДАІ. Варта адзначыць, што ў машынах ДАІ, акрамя супрацоўнікаў міліцыі, ужо знаходзіліся двое панятых", - паведаміў Дранчук.
Падчас адгляду ў машыне Касперовіча былі выяўленыя налепкі з заклікам падтрымаць ініцыятыву "Еўрапейская Беларусь" і арганізацыю "Малады фронт", зарэгістраваную ў Чэхіі. "У гэтым няма нічога дзіўнага - аргкамітэт па стварэньні БКЗП "Над Бар'ерам" падтрымлівае еўрапейскі выбар для Беларусі, захаваньне правоў і свобод грамадзян, у тым ліку і змешчаных у месцы пазбаўленьня волі", - адзначыў Ц.Дранчук.
Па яго словах, Касперовіча даставілі ў адміністрацыйны корпус УЎС Савецкага раёна Менска, друкаваная прадукцыя канфіскавана. Хутчэй за ўсё, яму прад'явяць абвінавачваньне ў распаўсюджваньні незарэгістраваных друкаваных выданьняў", - лічыць Ц.Дранчук.