viasna on patreon

Скульптару Гэніку Лойку пагражае звальненьне з працы

2008 2008-03-19T13:36:11+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/loika2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Генадзь Лойка.

Генадзь Лойка.

Таленавітаму скульптару, аўтару славутых пленэраў “Легенда зь пяску” Гэніку Лойку пагражаюць магчымым звальненьнем з працы. Пра гэта выкладчыку скульптуры паведаміла кіраўніцтва Мінскай сярэдняй школы №185 з архітэктурна-мастацкім ухілам, дзе ён працуе.

 

Незадаволенасьць працай выкладчыка вынікае не з-за яго прафесійных якасьцяў, а з-за актыўнай грамадзянскай пазіцыі, якую кіраўніцтва СШ №185 характарызуе, як “вовлечение детей в политику». Насамрэч, выкладчык скульптуры Гэнік Лойка паведаміў сваім вучням пра гістарычныя факты, зьвязаныя са святкаваньнем Дня Волі 25 сакавіка.

Гэтай нагоды было дастаткова, каб за “разумнага” выкладчыка ўзяліся раённыя ідэолагі.

Гэнік Лойка накіраваў Адкрыты ліст дырэктару СШ №185 Галіне Юрцэвіч, у якім патрабуе канструктыўных і аргументаваных ацэнак гістарычных падзей, якія cталі для беларусаў сапраўднымі нацыянальнымі святамі.

 

АДКРЫТЫ ЛІСТ

дырэктару СШ 185 Юрцэвіч Галіне Іванаўне

Шаноўная Галіна Іванаўна!


На мой погляд, намесьнік дырэктара па ідэалягічнай працы, Сьвятлана Віталеўна Розум, не спраўляецца са сваёй місіяй даносіць і тлумачыць нам, настаўнікам ды вучням , мудрасьць дзяржаўнае ідэалёгіі. Ідэалёгія—гэта, як я разумею, стройная сістэма поглядаў, паводле якой можна растлумачыць любую жыцьцёвую зьяву. Аднойчы 21 лютага, калі я разьвесіў у фае нашай школы маё віншаваньне зь Міжнародным днём аховы роднае мовы, Сьвятлана Віталеўна зрывала гэны плякат. Зрываць то яна зрывала, але даць уцямнае тлумачэньне сваім дзеяньням паводле ўсемагутнай дзяржаўнай ідэалёгіі не змагла. Адказ кшталту “Нельзя! Разве вы не понимаете?” мяне—чалавека з вышэйшай адукацыяй за плячыма—абсалютова не задавальняе. Я прымаю толькі аргумэнтаваныя адказы. Таму я зьвяртаюся да Вас, вышэйстаячага дзяржаўнага чыноўніка, будзьце так ласкавыя растлумачыць мне некаторыя рэчы з вышыні дзяржаўнае ідэалёгіі.


Мы, беларусы, маем дзень 25 сакавіка. Ня гледзячы на тое, што Вы, Галіна Іванаўна, гадаваліся не ў Беларусі, як гісторык, Вы мусіце ведаць, што ў гэты дзень 1918 году Беларуская дзяржава дакумэнтальна азначыла сабе шлях—НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ. Вы гэта ведаеце. Бо гэта—гістарычная праўда. Іншая справа, што, магчыма, гэта не выклікае ў Вашым сэрцы аніякага водгуку. Але паверце мне на слова, для нас, беларусаў, гэта—сьвятыня, гэта—вельмі, вельмі, вельмі важны дзень. А называць Днём Незалежнасьці 3 ліпеня—гэта папросту гістарычная мана. Бо ў той дзень беларусы не прымалі курсу на незалежнасьць. Тады ў беларусаў быў толькі адзін курс—“На Бэрлін!”


Галіна Іванаўна, растлумачце мне, калі ласка, з пазіцыі дзяржаўнай ідэалёгіі, чаму Дзень Абаронцаў Айчыны адзначаецца менавіта 23 лютага? Вы, як настаўніца гісторыі, пэўна, дабіваецеся ад беларускіх вучняў, каб ведалі напамяць даты бліскучых перамог беларускае зброі: 15 ліпеня і 8 верасьня. Няўжо штосьці больш слаўнае зьдзейсьнілі нашы мужчыны 23 лютага? На колькі я ведаю, у гэны дзень у часы нямеца-фашыстоўскае акупацыі утварыўся нейкі батальён Беларускай Вайсковай Самапомачы. Але ж, згадзіцеся, гэта не нагода нават каб проста выпіць, ня кажучы ўжо пра Сьвята Ўсяе Краіны. Ці, можа, у аснову Дня Абаронцаў Беларускай Айчыны легла дата з гісторыі іншай, суседняй дзаржавы? Тады гэта будзе ідэалёгія каляніяльнай, а не сувэрэннай дзяржавы.


Падвядзем вынікі. Сьвята, заснаванае на гістарычнай праўдзе, мае канструктыўны характар. А сьвята, заснаванае на гістарычнай мане—дэструктыўны. А як на гэта пазірае дзяржаўная ідэалёгія? Спадзяюся, што дзяржаўны чыноўнік Вашага рангу здольны даць мне кампэтэнтны адказ, не прыбягаючы да кадэбістаў. У іх ёсьць больш важныя задачы—яны дні і ночы ловяць дзяржаўных злачынцаў. А наша з Вамі задача—даваць вучням веды канструктыўнага характару. І яшчэ адно пытаньне, чаму маё імкненьне данесьці дзецям праўду Вы называеце “вовлечением детей в политику”?


З павагаю, Генадзь Лойка.
19 сакавіка 2008 году.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства