viasna on patreon

Святара аштрафавалі за набажэнства

2008 2008-03-24T15:30:12+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/luhouski.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Лугоўскі

Валянцін Лугоўскі

6 сакавіка ў судзе горада  Жодзіна адбыўся суд па адміністратыўным матэрыяле  начальніка Жодзінскага ГАЎС Шляхціна В.М. на адміністратара-пастара Царквы Хрысьціянаў Веры Эвангельскай “Царква Сьвятой Тройцы” Валянціна Лугоўскага.  

Яму прысудзілі штраф у памеры 175 000 руб. за парушэньне Закона “Аб масавых мерапрыемствах у РБ”.

 

 

Судзьдзя Іван Грынкевіч у працэсе вывучэньня абставінаў справы абмежаваўся выбарна прадстаўленымі ў суд пісьмовымі тлумачэньнямі, што зьбіраліся міліцыянтамі падчас набажэнства. Але пратаколы апытаньняў прысутных на набажэнстве сьвятароў (пастара Аляксандра Вялічкі, Аляксандра Шчэвякова, Віктара Волкава), якія кваліфікавана далі тлумачэньні па сытуацыі – у справу нават не трапілі й судом проста не разглядаліся. 

 

Судом таксама былі праігнараваныя факты аб тым, што Лугоўскі В.В. знаходзіўся 24.02.2008г. на працы ў Менску, але ў час набажэнства ў Жодзіне прысутнічалі іншыя сьвятары Царквы, што праводзілі набажэнства ў традыцыйнай для прадстаўнікоў дадзенага веравызнаньня форме.  Суд абраў пазыцыю начальніка Жодзінскага ГАЎС Шляхціна В.М. і на падставе сьведчаньняў кіраўніцы ідэалягічнага адзьдзелу Жодзінскага выканкаму Ластоўскай А.М. вырашыў лічыць даказаным, што на дадзеным мерапрыемстве Царквы адсутнічалі сьвятары, а значыцца й не было набажэнства.

 

 

Нагадаем, што яшчэ 24 лютага супрацоўнікамі Жодзінскага гарвыканкаму на чале зь першым намесьнікам cтаршыні Уладзімерам Сямашкам была зьдзейсьнена спроба зрыву набажэнства арганізацыі Хрысьціянаў Веры Эвангельскай “Царква Сьвятой Тройцы” у Жодзіне, што праходзіла ў арэндаваным для гэтае мэты залі кінатэатру «Юность», згодна дамове паміж кінатэатрам і царквою.

Набажэнства наведаў першы намесьнік старшыні гарвыканкаму Сямашка У.М., які запатрабаваў спыніць службу, спасылаўся на тое, што царкве дадзены дазвол толькі на чытаньне Бібліі, а не на адпраўленьне рэлігійных культаў і музычных дзеяньняў. З словаў Сямашкі У. М., Царква ў часе Набажэнства ня можа выкарыстоўваць формы музычнага пакланеньня. Супольна зь Сямашкам У.М. на служэньні прысутнічалі супрацоўнікі міліцыі Жодзіна, якія рабілі праверку пашпартоў у прысутных і зьдзяйсьнялі допыты тых, хто прыйшоў на набажэнства.

 

Раней Жодзінскі гарвыканкам адмовіў Царкве ў прадстаўленьні ўчастка для пабудовы культавага збудаваньня, і пры размове з Сямашкам У.М. прагучалі словы аб тым, што «Царква будзе зьбірацца на вуліцы».

Па матэрыялах “Licviny-INFA

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства