viasna on patreon

“Дзеяслоў” прадаваць у кнігарнях ня будуць

2005 2005-02-10T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Радыё Свабода
“Нацыі патрэбна хоць некалькі ўражвальных перамог, пра якія б ведаў сьвет. І пажадана — у гэтым стагодзьдзі…” Гэта цытата з навэлы знанага ўкраінскага пісьменьніка Ўладзімера Яварыўскага “Дзень пераможаных”, надрукаванае ў трынаццатым нумары часопісу “Дзеяслоў”. Гэтая публікацыя побач зь невядомымі лістамі Ўладзімера Караткевіча да Ларысы Геніюш ды творамі іншых папулярных аўтараў мае, аднак, вялікія перашкоды на шляху да чытача: дзяржаўныя кнігарні адмовіліся браць на продаж незалежнае выданьне.

Галоўны рэдактар часопісу “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч лічыць, што прычына, па якой прадпрыемства “Белкніга” скасавала дамову на продаж выданьня ў дзяржаўных кнігарнях, неабгрунтаваная.

(Пятровіч: ) “Прычыны дзеля адмовы надуманыя, як мы лічым. Нас абвінавачваюць у тым, што ў часопісе ёсьць публікацыі зь нецэнзурнаю лексыкай. І пры гэтым згадваецца шосты нумар. Можна паглядзець гэты нумар і пераканацца, што там прымаецца за нецэнзурную лексыку, — гэта слова, у якім толькі першая літара і тры кропачкі”.

Гэтая прычына была выказаная рэдакцыі кіраўніцтвам “Белкнігі” вусна са спасылкаю на ананімны ліст абураных чытачоў, якія пры тым не заўважаюць на паліцах кнігарняў іншых выданьняў. Гаворыць Барыс Пятровіч:

(Пятровіч: ) “Дзіўна чуць такія закіды з боку “Белкнігі”, у кнігарнях якое прадаюцца кнігі расейскіх пісьменьнікаў, такіх, як Сарокін, абое Ерафеевы, Пялевін, дзе ўсе гэтыя словы друкуюцца без аніякіх кропачак”.

Барыс Пятровіч лічыць, што сапраўдная прычына забароны продажу ў дзяржаўных кнігарнях незалежнага выданьня палягае ў іншым.

(Пятровіч: ) “Мы лічым, што ўсё-ткі наш часопіс выкідаюць з кнігарняў ня з гэтых надуманых прычынаў, а хутчэй з прычынаў палітычных. Ядумаю, што зьвязана гэта найперш з тым, што мы друкавалі апошнія творы Васіля Быкава: прыпавесьці, апавяданьні, аповесьць. Найперш гэта”.

Цяпер часопіс “Дзеяслоў” можа трапіць да чытачоў толькі па падпісцы, якую з новага году можна зрабіць у любым аддзяленьні “Белпошты”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства