Больш за чатыры тысячы гарадзенскіх прадпрымальнікаў прыняло ўдзел у акцыі пратэсту
Больш за чатыры тысячы гарадзенскіх прадпрымальнікаў прыняло ўдзел у акцыі пратэсту супраць увядзення падатку на даданую вартасць. Прадпрымальнікам удалося прарвацца на цэнтральную плошчу горада. Там адбыліся перамовы паміж удзельнікамі акцыі і старшынём Гарадзенскага гарвыканкама Аляксандрам Антоненкам. Пасля гэтага людзі разышліся.
Як паведамляе газэта ПАГОНЯ, збор удзельнікаў акцыі пратэста быў абвешчаны дэмакратычным рухам “Гарадзенскі выбар” у парку Жылібера а 11-ай гадзіне. Ужо за поўгадзіны да акцыі на тэрыторыі парка былі сцягнуты ўзмоцненыя нарады міліцыі. Дзеяннямі міліцыі асабіста кіраваў намеснік начальніка Упраўлення ўнутраных справаў Гарадзенскага аблвыканкама Юрый Чабанаў. Міліцыянты заклікалі людзей “разысціся і не парушаць заканадаўства Рэспублікі Беларусь”.
Калі пратэстуючых сабралося больш за тры тысячы яны рушылі ў бок цэнтральнай плошчы горада. Дарогу ім перагарадзілі шэрагі АМАПаўцаў і салдатаў унутраных войскаў. Пасля некалькіх хвілінаў тузаніны прадпрымальнікі здолелі прарваць міліцэйскія кардоны і выйсці на плошчу Леніна. Тут да ўдзельнікаў акцыі пачалі далучацца прадпрымальнікі, якія не здолелі прайсці ў парк Жылібера. У гэтыя хвіліны агульная колькасць удзельнікаў пратэста перавысіла чатыры тысячы чалавек.
“Свабоду!”, “Далой НДС!” скандавалі прадпрымальнікі. Да людзей выйшаў старшыня Гарадзенскага гарвыканкама Аляксандар Антоненка.
– Гэта не нашыя паўнамоцтвы адмяняць ПДВ. Гэта рэспубліканскі ўзровень. Праз нашых гарадзенскіх дэпутатаў мы будзем ініцыяваць адмену гэтых патрабаванняў, – заявіў Аляксандар Антоненка.
Прадпрымальнікаў цікавіў лёс лідара дэмакратычнага руху “Гарадзенскі выбар” Дзмітрыя Іваноўскага, якога ўчора спрабавалі затрымаць супрацоўнікі міліцыі. Антонека запэўніў, што ўлады горада не зробяць нічога, што выходзіла б за межы закона. Пасля перамоваў ён сышоў. У след яму прадпрымальнікі пачалі крычаць “Далой НДС!”, “Далой НДС!”
Праз паўтары гадзіны мітынг скончыўся. Калі людзі пачалі разыходзіцца невядомыя ў цывільным зрабілі некалькі спробаў затрымаць найбольш актыўных удзельнікаў акцыі. Але прадпрымальнікам удалося адбіць сваіх сяброў. На момант падрыхтоўкі артыкула інфармацыі пра тое, ці былі усё ж затрыманыя – няма.