viasna on patreon

Справа Сяргея Антончыка можа стварыць судовы прэцэдэнт

2005 2005-02-15T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Радыё Свабода
Працягваецца суд над Сяргеем Антончыкам. Гэтая адміністрацыйная справа пакуль ня мае аналягаў у судовай практыцы. Сяргея Антончыка і яшчэ каля двух дзесяткаў чалавек міліцыянты затрымалі ў прыватнай кватэры. Цяпер былы дэпутат і аўтар вядомага даклада аб карупцыі ў вышэйшых эшалёнах улады абвінавачваецца ў несанкцыянаваным сходзе.

Судзьдзя Аксана Рэлява заслухала ўсіх сьведкаў у адміністрацыйнай справе Сяргея Антончыка.

Нагадаем, 5 лютага Сяргей Антончык і некалькі яго знаёмых сабраліся ў прыватнай кватэры на вуліцы Куйбышава. Празь некалькі хвілінаў туды прыйшлі супрацоўнікі міліцыі Савецкага раёна і паведамілі, што ўсе прысутныя затрыманыя.

Людзей адвезьлі ў аддзел міліцыі і там трымалі тры гадзіны. Усіх адпусьцілі, а на Сяргея Антончыка склалі пратакол за арганізацыю несанкцыянаванага сходу і ўручылі позву ў міліцыю.

7 лютага адбылося першае судовае паседжаньне. Паколькі Сяргей Антончык заявіў хадайніцтва, каб дапыталі некалькіх сьведкаў, далейшы разгляд справы перанесьлі на 14 лютага. Але й гэтым разам канчатковае рашэньне ў справе ня вынесенае. Судзьдзя зачытала паказаньні ўсіх сьведкаў і пратакол, паводле якога, Сяргей Антончык парушыў грамадзкі парадак, бо арганізаваў несанкцыянаваны ўладамі сход.

Усе чакалі прысуду, але Аксана Рэлява абвясьціла перапынак да 21 лютага. Сяргей Антончык назваў суд беспрэцэдэнтным. Ён заявіў Радыё Свабода:

(Антончык: ) “Калі ўсё ж будзе прынятае рашэньне мяне пакараць – не залежна ад таго, штраф гэта будзе, альбо суткі, – то будзе створаны судовы прэцэдэнт у Беларусі. Потым, калі людзі будуць зьбірацца разам на вясельле, ці на пахаваньне, можна будзе кожнага затрымліваць, арыштоўваць, саджаць на суткі, караць… Гэта сьведчыць аб тым, што рэжым запалоханы. Ім мроіцца за кожным чалавекам “аранжавая рэвалюцыя”. А страх у вачах рэжыму ўжо відаць”.

Сяргей Антончык у судзе заявіў, што падаў скаргу ў пракуратуру на дзеяньні міліцыянтаў. Назіральнікі адзначаюць, што гэта магло паўплываць на рашэньне судзьдзі пакуль устрымацца ад вынясеньня прысуду.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства