Гродзенскі прадпрымальнік судзіцца з абласным тэлебачаннем
23-га лютага адбудзецца чарговае паседжанне суда Ленінскага раёна г. Гродна, які разглядае зыск ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча да тэлерадыёкампаніі "Гродна", журналісткі і падаткавай інспекцыі Гродзенскай вобласці. Сп. Аўтуховіч патрабуе абвергнуць распаўсюджаныя тэлекампаніяй звесткі, прынесці публічныя прабачэнні і кампенсаваць нанесеную яму маральную шкоду сумай у 40 мільёнаў рублёў. На першым паседжанні, якое адбылося 10-га лютага, адказнікі заявілі, што не прызнаюць патрабаванняў зыску.
Прадпрымальнік сцвярджае, што тэлеканал зняважыў яго гонар і годнасць ў тэлевізійным сюжэце, які быў тройчы паказаны 28-га і 29-га верасня 2004 г. У прыватнасці, прадпрымальнік мае прэтэнзіі да аўтаркі сюжэта, журналісткі Вольгі Максімчык, якая паставіла пад сумнеў дабрачынную дапамогу Аўтуховіча дзіцячаму дому, а таксама заявіла, што прадпрымальнік хаваецца ад падаткаў, якія павінны ісці на "рэальнае" ўтрыманне дзяцей.
"Я ніколі не афішаваў гэтую дапамогу, але пасля гэтага сюжэту мне сорамна глядзець людзям у вочы, бо яны мне гавораць, што я несумленны чалавек і з-за мяне пакутуюць дзеці", - заявіў Аўтуховіч падчас паседжання 10-га лютага. Ён сцвярджае, што журналістка, рыхтуючы сюжэт, не звярталася ні да яго, ні да кіраўнікоў дзіцячых дамоў. Прадпрымальнік мае афіцыйныя лісты з дзіцячага дома і іншых установаў, якія пацвярджаюць звесткі аб аказанай ім дабрачыннай дапамозе.
Першапачаткова зыск быў пададзены толькі супраць Гродзенскага тэлебачання, але суддзя прыцягнула ў якасці адказчыкаў таксама аўтарку Вольгу Максімчык і падатковую інспекцыю Гродзенскай вобласці, бо журналістка заявіла, што рабіла сюжэт на падставе звестак з гэтай установы. Кампенсацыю маральнай шкоды ў 40 мільёнаў рублёў Мікалай Аўтуховіч запатрабаваў ад трох адказчыкаў разам, паведаміла служба маніторынга ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў".