Жанна Літвіна: «Журналісты апынуліся на перадавой, як штрафная рота…»
Прэс-служба БАЖ: — Так атрымалася, што на наступны дзень пасля ператрусаў у офісах і кватэрах журналістаў Вы скіраваліся ў Вену для ўдзелу ў міжнароднай канферэнцыі «Беларусь у Еўропе: эканамічнае супрацоўніцтва і палітычны дыялог», у якой бралі ўдзел і прадстаўнікі афіцыйнага Мінска. Ці прагучала там тэма беларускіх СМІ і ў якім кантэксце?
Жанна Літвіна: — Асноўная ўвага на канферэнцыі, безумоўна, надавалася пытанням эканамічнага характару. Але адна з секцый была цалкам прысвечана праблемам грамадзянскай супольнасці Беларусі — працы няўрадавых арганізацый і прэсы. На жаль, паўнавартаснай дыскусіі, дыялогу адносна месца і ролі прэсы ў беларускім грамадстве не адбылося, але магчымасць выказаць свае меркаванні была.
У сваім выступе я падкрэсліла, што «дыялог» прадугледжвае найперш свабодны абмен думкамі — а гэта значыць, свабоду слова. І функцыю форуму павінныя ўзяць на сябе мас-медыя. Для таго, каб гэта адбылося, патрэбна выкананне шэрагу ўмоваў. Гэта найперш адмена альбо мараторый на самыя адыёзныя артыкулы Крымінальнага кодэксу — датычныя паклёпу, абразы прэзідэнта і прадстаўніка ўлады, дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь і дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганіцыі. Павінна быць знята забарона на друк і распаўсюд незалежнай грамадска-палітычнай прэсы, каб сфармаваўся цывілізаваны медыярынак. А звышзадача — гэта раздзяржаўленне і дэманапалізацыя дзяржаўнай прэсы.
Прэс-служба: — Але ці абмяркоўваліся непасрэдна падзеі 25 і 27 сакавіка — затрыманні і ператрусы ў журналістаў?
Ж.Л.: — Тэма «аблавы» на незалежных журналістаў, безумоўна, прыцягнула ўвагу. Бадай, рэакцыю на яе можна вызначыць як здзіўленне — нават з боку прадстаўнікоў афіцыйнай беларускай дэлегацыі. Мне падалося, што ў нейкія моманты ў іх нават узнік сумнеў, што я кажу праўду. Такога сапраўды ніколі не было — нават у дачыненні да палітычнай апазіцыі. Адметна, што першымі, да каго такія жорсткія захады былі прымененыя, аказаліся журналісты…
І тады, і сёння мне падаецца, што мэтай гэтага разгрому было — нагнаць страху на журналістаў, перашкодзіць распаўсюду незалежнай інфармацыі. Некаторыя эксперты звязваюць гэта з набліжэннем выбараў у парламент. Я не схільная так лічыць. Мне падаецца, што ідзе падрыхтоўка да нейкай больш значнай падзеі — магчыма, гэта звязана з правядзеннем рэферэндума ўвосень, з прыняццем Канстытуцыйнага акту, з рэгуляваннем узаемадачыненняў з Расіяй.
Прэс-служба: — Ад удзельнікаў міжнародных сустрэч даводзіцца чуць, што часам у пытаннях з залы, у асобных выступах прадстаўнікоў еўраструктур адчуваецца моцнае лоббі афіцыйнага Мінска…
Ж.Л.: — Калі казаць аб’ектыўна, Еўропа сапраўды шукае шляхоў супрацоўніцтва. Раней абвяшчалася «пакрокавая стратэгія» развіцця дыялогу ў Беларуссю, зараз абраная стратэгія з «12 прапаноў і патрабаванняў». Іншая справа, што ў большасці сваёй гэтыя спробы проста не прымаюцца афіцыйным Мінскам. Улады не разумеюць, што не можа быць інтэграцыі ў Еўропу толькі па пытаннях супрацоўніцтва ў энергетычнай, транспартнай альбо нейкай іншай асобнай галіне. У еўрапейскай супольнасці ёсць прынцыповыя пазіцыі, звязаныя з сістэмай еўрапейскіх каштоўнасцяў. І ніякія эканамічныя інтарэсы іх не пераважаць.
Насамрэч, канферэнцыя ў Вене пачалася з таго, што эксперты адзначылі станоўчыя крокі Беларусі насустрач Еўропе: гэта згода афіцыйнага Мінска на адкрыццё прадстаўніцтва Еўракамісіі Беларусі; вызваленне часткі палітзняволеных і г.д.
Аднак падзеі, якія адбыліся 25 і 27 сакавіка, у чарговы раз паказалі, што ўлада помслівая і няшчырая. У пэўныя моманты яна сабе дазваляе гульню ў дэмакратызацыю, але на самой справе праблемы, звязаныя з дэмакратыяй, у нас загнаныя вельмі глыбока — як застарэлая хвароба. І тут проста касметычнымі захадамі не абысціся.
Прэс-служба: — На затрыманні журналістаў і «рэйд спецслужбаў» адгукнулася рэкордная колькасць міжнародных структур, журналісцкіх і праваабарончых арганізацый. З заявамі пратэсту выступілі Еўрапарламент, Еўразвяз, АБСЕ, Дзярждэпартамент ЗША, Міжнародная федэрацыя журналістаў, Сусветная асацыяцыя газет (WAN), Камітэт па абароне журналістаў, «Amnesty International», «Рэпарцёры без межаў» і іншыя арганізацыі. Артыкулы на гэтую тэму з’явіліся бадай ва ўсіх буйных замежных выданнях. Ці можа розгалас "звонку" хоць неяк уплываць на сітуацыю ўнутры краіны?
Ж.Л.: — У першую чаргу на наш заклік аб дапамозе адгукнуліся партнёрскія журналісцкія арганізацыі. Гэта вельмі важна і прынцыпова для нас — адчуваць сябе часткай міжнароднай журналісцкай супольнасці...
Але міжнародная рэакцыя мае значэнне і для ўлады. Сёння яна ў глабальным маштабе паставіла задачу — стварыць станоўчы вобраз Беларусі як цывілізаванай дэмакратычнай краіны. Але атрымліваецца гэта пакуль даволі няўклюдна. Яскравым прыкладам з’яўляецца нават тая ж венская канферэнцыя. Магчыма, дзяржаўная прэса пазней падасць уласнае бачанне вынікаў той сустрэчы. Але бясспрэчна тое, што «трыюмфальнай справаздачы» ў Вене з афіцыйнага боку не атрымалася.
У мяне нават з’явілася думка: ці не наўмысна да падрыхтоўкі такога кшталту сустрэч прыцягваюць людзей не зусім дасведчаных у стасунках з еўрапейскімі структурамі — каб «замарозіць» гэты накірунак, утрымаўшы Беларусь у сферы палітычных і эканамічных інтарэсаў суседняй краіны — Расіі?
Але найбольш мяне непакоіць іншае. Незалежная беларуская журналістыка зараз апынулася на «перадавой», як штрафная рота. І ўлада дэманструе, што самае прыярытэтнае для яе пытанне — гэта кантроль за інфармацыяй. Пакуль яна ўладарыць над інфармацыяй, яна будзе ўпэўненая ў сваёй стабільнасці і ў тым, што яна трымае пад кантролем усё грамадства…