Суд над прадпрымальнікам Парсюкевічам прызначаны на 16 красавіка
Пра гэта БелаПАН паведаміла адвакат прадпрымальніка Вера Страмкоўская. Паводле яе слоў, суддзёй прызначаны Уладзімір Аўдзеенка. Справа актывіста прадпрымальніцкага руху была перададзена ў суд Маскоўскана раёна 31 сакавіка.
В.Страмкоўская расказала, што 2 красавіка С.Парсюкевічу, нарэшце, удалося перадаць лекі. Раней, паводле слоў жонкі, ёй не дазвалялі перадаваць яму неабходныя медыкаменты, да прыкладу, кроплі ў нос. Прадпрымальнік у запісцы жонцы паведаміў, што стан яго здароўя рэзка пагоршыўся. У яго абвастрылася бранхіяльная астма, ён не можа нармальна дыхаць, што стала прычынай праблем з сэрцам. У камеры вельмі душна, паколькі там знаходзяцца 13 чалавек, многія з якіх кураць.
Нагадаем, віцебскі прадпрымальнік С.Парсюкевіч быў арыштаваны 4 сакавіка пасля таго, як з’’явіўся на допыт у пракуратуру Маскоўскага раёна Мінска. Яму прад’явілі абвінавачанне ў злачынстве, прадугледжаным артыкулам 364 Крымінальнага кодэкса (насілле або пагроза насілля ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі). С.Парсюкевіч абвінавачваецца ў тым, што падчас адбыцця пакарання за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня ў Мінску ў спецпрыёмніку‑размеркавальніку на вуліцы Акрэсціна напаў на міліцыянера. Абарона сцвярджае, што гэта супрацоўнікі спецпрыёмніка збілі прадпрымальніка.
Зазначым, што 16 красавіка ў іншым судзе — Цэнтральнага раёну сталіцы — распачнецца працэс па «Справе 14». Чатырнаццаць маладых людзей абвінавачваюць паводле арт. 342‑1 Крымінальнага кодэксу: «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх» ‑‑ г.зн. за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня.
19:07, 4 красавiка 2008