Новыя суды над моладзевымі актывістамі ў Полацку
10-00. Затрыманую ўчора па выездзе з Полацку Людвісю Атакулаву даставілі разам з Аляксеем Янушэўскім у Полацкі гарадскі суд. У памяшканьне іх правялі з двара. Міліцыя, якая дзяжурыць у судзе, пакуль не паведамляе, у якім пакоі адбудзецца разгляд судовай справы. Каля будынку суда некалькі сяброў затрыманых і моладзевыя актывісты. Па папярэдняй інфармацыі, адвакатам на адміністрацыйным разглядзе правапарушэньня Атакулавай будзе Аляксандр Галіеў.
Разгляд адміністратыўнай справы Людвісі Атакулавай у Полацкім гарадскім судзе прызначаны на 9-30 раніцы. На яе складзены пратакол за парушэньне артыкулу 23.34. КаАП РБ. (удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве). Ноч актывістка правяла ў Наваполацкім ІВС.
Нагадаем, што Атакулаву затрымалі ўчора ў аўтамабілі на выездзе з Полацку разам з Аляксеем Шэінам, Дзянісам Садоўскім, Валерам Мацкевічам і Павалам Сітнікам. Усіх, акрамя Атакулавай адпусьцілі ў той жа вечар.
Сённьня ў Полацку будзе таксама абвешчаны прысуд Аляксею Янушэўскаму. Актывіст быў затрыманы 8 красавіка ля будынку Полацкага гарадскога суду, дзе слухалася крымінальная справа моладзевай актывісткі Касі Салаўёвай. Учора адбыўся суд, але яго рашэньне будзе агучана ў 10.30 раніцы.