viasna on patreon

Ліквідатарку звольнілі за лячэньне не ў Беларусі

2008 2008-04-09T17:29:07+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Сёньня Добрускі суд пачаў разгляд пазову прыхільніцы Руху "За Свабоду", настаўніцы пачатковых клясаў Вуцеўскай сярэдняй школы Клаўдзіі Варанец да аддзелу адукацыі райвыканкаму.

Рашэньне не прынята. Паўторнае паседжаньне суду прызначана на 14 красавіка.

Пакуль вясковая настаўніца, ліквідатар аварыі на Чарнобыльскай АЭС, была ў адпачынку і лячылася за мяжой, начальнік аддзела кадраў Добрускага РАНА Віктар Вайцянок вярнуў ёй працоўную кніжку. Вось як ён тлумачыць гэта рашэньне:

“Я — выканаўца. Даручылі зрабіць — раблю. Разумееце? Калі ж вас цікавіць мая асабістая думка, то я магу яе выказаць. Але дзеля гэтага прыяжджайце сюды. У вочы паглядзім адзін аднаму і абмяркуем”.

Віктар Вайцянок быў сёньня ў судзе. Наконт звальненьня Клаўдзіі Варанец апраўдваўся, што на тое ёсьць загад начальства.

А вось што кажа Клаўдзія Варанец: “Ад гэтай сытуацыі я ў такой роспачы. Часта начамі ня сплю і думаю: што здарылася ў нашым грамадзтве? Раней мы ішлі ў школу з задавальненьнем — у нас былі жарты, сьмех. Цяпер ідзеш, як на катаргу, усе баяцца адзін аднаго. Слова баімося сказаць, бо яно будзе пададзена ў іншым сэнсе. Нас пастаянна страшаць кантрактамі — калі што ня так, кантракт не падоўжаць. Людзі баяцца слова, баяцца заступіцца адзін за аднаго”.

У судзе Клаўдзія Варанец патлумачыла, што зьяўляецца ліквідатарам аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У 1986 годзе з мужам-настаўнікам і дзецьмі перасялілася з пацярпелага ад радыяцыі Брагінскага раёну ў вёску Вуць. З таго часу й працавала ў мясцовай школе настаўніцай пачатковых клясаў. Мае вышэйшую катэгорыю.

У лютым з прычыны кепскага стану здароўя папрасілася ў дырэктаркі школы Галіны Станкевіч у адпачынак. Падала пісьмовую заяву.

Кіраўніца школы не пярэчыла. Была толькі адна ўмова: мець пуцёўку ў беларускі санаторый.

Пуцёўку Клаўдзія Варанец купіла за свае грошы. Але ў яе зьявілася магчымасьць прайсьці аздараўленьне за мяжой, і яна паехала.

Муж Клаўдзіі грамадзкі актывіст Адам Варанец два гады таму сам быў вымушаны звольніцца з працы з той жа Вуцеўскай школы. Да гэтага спрычыняліся ня толькі пэдагагічныя начальнікі, але й супрацоўнік спэцслужбы ў раёне.

Распавядае пэдагог вышэйшай катэгорыі, сябра АГП спадар Варанец: “Ціск на маю сям’ю працягваецца. Звольніўшы жонку з працы, яны пакінулі нашу сям’ю бяз сродкаў да існаваньня. Падстава такая: я актыўна займаюся грамадзкай дзейнасьцю — уладам гэта не падабаецца”.

На звальненьне Клаўдзіі Варанец зь непаразуменьнем рэагуюць бацькі яе вучняў. Некаторыя зь іх, у сваю чаргу, пішуць лісты, у тым ліку і ў суд, з патрабаваньнем вярнуць іхнюю настаўніцу ў школу.

Меркаваньне шматдзетнай маці спадарыні Алены зь вёскі Гардуны Добрускага раёну: “Я — шматдзетная маці. У мяне трое дзяцей. Старэйшая дачка — выпускніца. Двое дзяцей у Клаўдзіі Іосіфаўны вучыліся. Дзеці чакаюць сваю настаўніцу ў школе. Няхай яна вучыць маіх дзяцей. Гэта мая вялікая просьба як шматдзетнай маці. Прашу вярнуць назад нашу настаўніцу”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства