viasna on patreon

Новыя крымінальныя справы супраць маладафронтаўцаў?

2008 2008-04-10T09:06:12+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

На актывістаў моладзевай арганізацыі «Малады Фронт» — Насту Палажанку й Аляксея Янушэўскага за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі заведзеныя новыя крымінальныя справы паводле 193.1 артыкулу Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Наста Палажанка выпадкова даведалася аб тым, што на яе заведзеная новая крымінальная справа:

«Пятага красавіка я была ў аддзеле па грамадзянстве і міграцыі Першамайскага РАУСу сталіцы, дзе мне сказалі, што ня мяне сапраўды заведзеная крымінальная справа. У гэтай базе я знаходжуся, дзякуючы Міністэрству ўнутраных справаў, а дата завядзеньня крымінальнай справы — 14 сакавіка 2007 году. Учора я падала заяву ў Міністэрства ўнутраных справаў з патрабаваньнем растлумачыць мне, што гэта за справа й чаму я пра яе нічога ня ведаю. Калі ж гэтыя дадзеныя беспадстаўныя, то я прашу выключыць мяне з гэта сьпісу.

Акрамя таго, мы даведаліся, што ў сьнежні заведзеная крымінальная справа й на Аляксея Янушэўскага. Гэта ўсё выдае на нейкі хітры плян ўладаў, нейкія дзеяньні супраць «Маладога Фронту». Да чаго гэта ўсё прывядзе — невядома. Магчыма, новыя крымінальныя справы заводзяцца, каб зрабіць людзей невыязнымі, а магчыма гэта прывядзе й да новых судовых працэсаў».

Школьніца Наста Палажанка й студэнт Аляксей Янушэўскі ў 2007 годзе ўжо былі асуджаныя за дзейнасьць ад імя «Маладога Фронту». Тады Насту як непаўнагадовую пакаралі папярэджаньнем, а Аляксея штрафам.

Моладзевую арганізацыю «Малады Фронт» неаднаразова спрабавалі зарэгістраваць у Беларусі, але кожны раз Міністэрства юстыцыі знаходзіла падставы, каб адмовіць у гэтым. Сёлета ў студзені «Малады Фронт» быў зарэгістраваны ў Чэхіі як міжнародная моладзевая арганізацыя.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства