Мясцовыя ўлады адмаўляюць у правядзеньні акцыі напаміну пра чарнобыльскую трагедыю
Калінкавіцкі райвыканкам ня даў дазволу чарнобыльскаму ліквідатару, інваліду Васілю Сіліверсту на правядзеньне 12 і 13 красавіка пікетаў пад назваю “Чарнобыль — наш боль”.
У лісьце намесьнік старшыні райвыканкаму Сяргей Міронаў паведаміў ліквідатару, што дазвол ня можа быць дадзены, паколькі ў замове “не ўказаныя мэты й дэталі правядзеньня пікету”.
“Я замаўляў пікеты на пляцы Леніна. Мэта іх адлюстравана ў назьве. Чарнобыль — наш боль не фігуральны, а цалкам рэальны. У раёне жыве каля трохсот ліквідатараў. Многія сталі інвалідамі, іншыя наагул памерлі ў росквіце веку. І ня толькі ў Калінкавічах, але і ў суседніх гарадах і вёсках. Такія вось дэталі”, — кажа вайсковы ліквідатар, старшы лейтэнант запасу Васіль Сіліверст.
Спадар Сіліверст прапануе мясцовым уладам усталяваць у Калінкавічах помнік чарнобыльскім ліквідатарам. А ў дзень 22-х угодкаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС ускласьці кветкі на магілы тых, хто заўчасна памёр пасьля ўдзелу ў ліквідацыі наступстваў Чарнобылю.