У Гомелі працягваюць дапытваць удзельнікаў гістарычнай экскурсіі
Як паведаміла БелаПАН Т.Бублікава, міліцыянеры запрасілі яе ўжо ў трэці раз з мэтай азнаёміць з матэрыяламі адміністрацыйнай справы ў дачыненні да асоб, якія ўчынілі правапарушэнне па арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства). 23 сакавіка актывісты дэмакратычных сіл прайшлі па вуліцы з шарыкамі і сцяжкамі белага і чырвонага колераў. Яны наведалі месцы, звязаныя з жыццём дзеяча БНР Палуты Бадуновай. У пачатку красавіка ў Навабеліцкі РАУС былі выкліканы дзевяць чалавек, якія бралі ўдзел у гістарычнай экскурсіі. Іх абвінавацілі ў арганізацыі незаконнага шэсця і ўдзеле ў ім.
Т.Бублікава патлумачыла ў міліцыі, што брала ўдзел у экскурсіі з мэтай асвятлення гэтай падзеі ў прэсе: "Я была там па заданні газеты "Товарищ", рэдакцыя пацвердзіла гэта, прыслаўшы факс у аддзяленне міліцыі. Паказвала і журналісцкія пасведчанні — Беларускай асацыяцыі журналістаў і "Товарища", а мне міліцыянеры прадэманстравалі відэазапіс, што я брала ўдзел у незаконным шэсці. Мяне прызналі правапарушальніцай і склалі адміністрацыйны пратакол".
Паводле слоў А.Паплаўнага, яго таксама прызналі правапарушальнікам. "Міліцыянеры яшчэ прасілі мяне напісаць распіску, што я абяцаю больш ніколі не браць удзел у незаконных мітынгах, пікетах або шэсцях. Я адмовіўся, бо не абавязаны пісаць такіх распісак і такой нормы няма ў заканадаўстве. Цяганіна з прыцягненнем нас да адказнасці доўжыцца ўжо амаль месяц. Магчыма, перад "Чарнобыльскім шляхам" 26 красавіка ў Мінску каго-небудзь пастараюцца пасадзіць на "суткі", — лічыць праваабаронца.