Пракуратура адмовілася заводзіць справу супраць віцебскіх міліцыянтаў
Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў зьвярнуўся ў пракуратуру Першамайскага раёну, каб ініцыяваць крымінальную справу супраць віцебскіх міліцыянтаў за непраўдзівыя сьведчаньні. Але пракуратура адмовіла праваабаронцу, які трапіў пад суд па абвінавачаньнях, выкладзеных у міліцэйскіх пратаколах.
У пісьмовай адмове з пракуратуры гаворыцца, што прэтэнзіі, выкладзеныя праваабаронцам, не пацьвердзіліся і што “напісаньнем скаргаў Левінаў мае на мэце дэстабілізацыю дзяржаўнага ладу”.
Павал Левінаў настойвае, што міліцыянты знарок абвінавацілі яго ў непадпарадкаваньні і дробным хуліганстве, каб адвезьці ў пастарунак і не дапусьціць ягонай прысутнасьці ў кватэры журналіста Вадзіма Баршчэўскага падчас ператрусу 27 сакавіка. На знак пратэсту супраць несправядлівага, на ягоную думку, затрыманьня Павал Левінаў два тыдні трымаў галадоўку.
Цягам галадоўкі ён двойчы браў удзел у судовых працэсах, імкнучыся давесьці сваю невінаватасьць. Судзьдзі Алене Жук давялося выклікаць падсуднаму хуткую дапамогу, аднак гэта не перашкодзіла ёй адмовіць Паўлу Левінаву ў шэрагу хадайніцтваў. Сярод іншага яна не дапусьціла на працэс у якасьці грамадзкага прадстаўніка роднага брата праваабаронцы. З гэтай прычыны спадар Левінаў сем разоў заяўляў пра недавер судзьдзі і патрабаваў яе адводу, але судзьдзя Алена Жук адводу не прыняла.
Наступнае судовае паседжаньне з удзелам Паўла Левінава адбудзецца 21 красавіка. Праваабаронца пачаў выходзіць з галадоўкі, каб як найлепш падрыхтавацца да суду.