viasna on patreon

Саюз пісьменьнікаў зьвяртаецца па падтрымку да беларускай і міжнароднай грамадзкасьці

2005 2005-02-23T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

22 лютага на пасяджэньні Рада Саюзу беларускіх пісьменьнікаў адкінула ультыматум кіраўніцтва справаў прэзыдэнта, якое раней запатрабавала арганізацыю вызваліць большасьць займаемых ім плошчаў у Доме літаратара. “На вуліцу іх не выкідваюць, ім проста скарачаюць плошчу”, адказваюць у кіраўніцтве справаў прэзыдэнта.

Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта запатрабавала ў Саюзу пісьменьнікаў скараціць займаемую ім плошчу ў Доме літаратара больш чым у 10 разоў – з 614 да 58 мэтраў.

Такім чынам арганізацыя можа страціць бібліятэку, кабінэт старшыні і доступ да актавай залі,– паведаміў старшыня СБП Алесь Пашкевіч. Не будзе дзе захоўваць і пісьменьніцкія архівы, асабовыя справы літаратараў.

(Пашкевіч: ) “У нас тысячы асабовых справаў пісьменьнікаў, пачынаючы ад Янкі Купалы і Якуба Коласа. Нам прапанавана гэтыя справы ці ў склеп здаць, ці ў архіў. Як можа існаваць арганізацыя, калі асабовыя справы здаюцца ўжо ў архіў. У архіў мы яшчэ не сьпяшаемся. Хацелася б 71-ы год сустрэць існаваньня Саюза пісьменьнікаў і дачакацца хаця б стагодзьдзя.”

Паводле спадара Пашкевіча, у выпадку адмовы кіраўніцтва справаў прэзыдэнта, якое дамаглося права ўласнасьці на Дом літаратара, пагражае зусім выселіць пісьменьніцкую арганізацыю праз суд за няўплату запазычанасьці па арэнднай плаце ў памеры 133 мільёнаў рублёў.

Рада СПБ сёньня не прызнала гэтую запазычанасьць і аспрэчыла іншыя патрабаваньні кіраўніцтва справаў прэзыдэнта. Большасьць пісьменьнікаў выказала перакананьне, што ўлады хочуць канчаткова выселіць зьвяз з будынку і дамагчыся спыненьня ягонай працы.

СПБ за сваю 70-гадовую гісторыю ня мог працаваць толькі тры гады – пад час нямецкай акупацыі,– нагадаў пісьменьнік-вэтэран Валянцін Тарас.

Ніл Гілевіч заклікаў зьвярнуцца з адмысловай заявай у ЮНЭСКА. Лявон Баршчэўскі і Вольга Іпатава лічаць, што ўлады павінны вярнуць пісьменьнікам увесь Дом літаратара. Кіраўніцтву СБП Рада даручыла зьвярнуцца да беларускай і міжнароднай грамадзкасьці па падтрымку і даць адказ чыноўнікам, што лічаць іх патрабаваньні зьнявагай.

Паводле прадстаўніцы кіраўніцтва спраў прэзыдэнта Алены Малой, сытуацыя не выкліканая нейкай палітычнай замовай, ва ўладаў няма мэты закрыцьця СПБ, проста да саюзу паставіліся як да іншых грамадзкіх арганізацыяў, якім дзяржавай гарантаваныя 70 квадратных мэтраў офісу па льготнай стаўцы арэнднай платы.

(Малая: ) “На вуліцу іх не выкідваюць, ім проста скарачаюць плошчу да тых памераў, якія яны змогуць аплачваць, больш таго на льготных умовах, як усім грамадзкім арганізацыям, якія не займаюцца камэрцыйнай дзейнасьцю”.

Алена Малая перакананая, што ніхто не зацікаўлены ў высяленьні Саюзу пісьменьнікаў, але арганізацыя мусіць разьлічваць свае магчымасьці ў аплаце арэнды памяшканьня і камунальных паслугаў, бо на дадатковыя льготы СБП разьлічваць ня можа.

Трэба адзначыць, што сябры рады СБП не змаглі сёньня сабрацца ў канфэрэнц-залі Дома літаратара. Камэндант будынка прапанаваў ім толькі пакой пры бібліятэцы. Акрамя таго, як паведаміў старшыня СБП Алесь Пашкевіч, дагэтуль няма згоды кіраўніцтва спарваў прэзыдэнта на правядзеньне ў будынку юбілейнай вечарыны народнага паэта Рыгора Барадуліна 2 сакавіка. Тым часам на паседжаньні Рады СБП былі прынятыя ў шэрагі аб’яднаньня 12 новых літаратараў, паведаміла Радыё Свабода.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства