Сяргею Скрабцу адмовілі ў палітычным прытулку ў Расіі
Адпаведны адказ паступіў з адміністрацыі прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі, куды кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” Палаты прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня зьвяртаўся напрыканцы мінулага году.
Свой зварот аб палітычным прытулку Сяргей Скрабец абгрунтоўваў перасьледам з боку беларускіх уладаў і імкненьнем гарантаваць бясьпеку сабе і сваёй сям’і.
У лісьце да прэзыдэнта Расеі ён пісаў: “Гэта не капітуляцыя, а пераход на новыя ўмовы барацьбы”. Калі б расейскі лідэр згодна з канвэнцыяй ААН 1951 году прадставіў былому парлямэнтару статус палітычнага ўцекача, то гэта дазволіла б яму жыць у Расеі, нават калі б зь Беларусі паступіў запыт аб ягонай экстрадыцыі. Аднак станоўчага адказу з Масквы экс-дэпутат не дачакаўся. “Там напісана, што ня могуць мне прадставіць палітычнага прытулку з той нагоды, што паміж нашымі краінамі няма візавага рэжыму. Калі спрабаваць чытаць паміж радкоў, дык робіцца зразумелым, што палітычны прытулак маглі б даць, калі б ня гэтая ўмова,” – паведаміў С. Скабец Радыё Свабода.