Недзяржаўную «Газету Слонімскую» пагражаюць пазбавіць ліцэнзіі на раздробны гандаль
Слонімскі райвыканкам пагражае прыпыніць дзеянне альбо ануляваць ліцэнзію недзяржаўнай «Газеты Слонімскай» на ажыццяўленне раздробнага гандлю. Пра гэта гаворыцца ў лісце за подпісам старшыні райвыканкама Мечыслава Касцюка, які рэдакцыя выдання атрымала днямі.
Мясцовыя ўлады сцвярджаюць, што зафіксавалі выпадкі гандлю «ГС» у неналежных месцах, і ў выпадку паўторнага парушэння пагражаюць перайсці да карных захадаў. У якіх канкрэтна месцах яны заўважылі распаўсюднікаў газеты, не ўдакладняецца.
Як патлумачылі галоўнаму рэдактару выдання Віктару Валадашчуку ў прыватнай размове, гаворка ідзе пра выпадак на ганку райвыканкама. Распаўсюдніца «Газеты Слонімскай» ішла туды па асабістых справах, трымаючы ў руках некалькі газет, і па дарозе адгукнулася на просьбу мінака прадаць выданне.
Віктар Валадашук лічыць такую нагоду для санкцый надуманай. Ён не выключае, што гэткім чынам райвыканкам «рыхтуецца» да размовы з ім наконт падаўжэння ліцэнзіі на раздробны гандаль, тэрмін якой скончыцца 25 чэрвеня.
«Відавочна, улады мэтанакіравана імкнуцца пазбавіцца ад адзінага зарэгістраванага недзяржаўнага выдання Гродзенскай вобласці. Магчыма, гэта звязана з набліжэннем парламенцкіх выбараў», — лічыць галоўны рэдактар.
Віктар Валадашчук нагадвае, што рэдакцыю змушаюць да 1 чэрвеня вызваліць памяшканне, якое яна займала напрацягу 7 гадоў, бо арэндадаўца — РУП «Слонімскі быткамбінат» — адмаўляецца працягваць з газетай дамову.