Восем новых палітвязьняў
Вынесьлі прысуд удзельнікам "працэсу 14-ці": Андрэй Кім пойдзе ў турму на паўтара году, Уладзімер Сяргееў і Антон Койпіш заплацяць 3,5 млн рублёў штрафу, астатнія 7 чалавек атрымалі па 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў калёніі адкрытага тыпу.
Андрэй Кім прысуджаны да 1,5 году калёніі агульнага рэжыму.
Уладзімеру Сяргееву і Антону Койпішу -- 3,5 млн рублёў штрафу (па 100 базавых велічыняў), астатнім сямі абвінавачаным -- Міхаілу Пашкевічу, Тацяне Цішкевіч, Міхаілу Крываву, Алесю Бондару, Арцёму Дубскаму, Алесю Стральцову, Алесю Чарнышову -- па 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў калёніі адкрытага тыпу. Усе яны застаюцца пад падпіскай аб нявыезьдзе. Яны будуць працаваць па сваім асноўным месцы працы, сплочваючы 20 % ад заробку.
Прысуд быў сустрэты крыкамі "Ганьба". За гэта ў залі суду быў арыштаваны Аляксандар Атрошчанкаў.
Калі быў зачытаны прысуд Андрэю Кіму, ягоная маці -- Тацяна Кім -- выкрыкнула: "Андрэй, я табой ганаруся!".
Тэрмін Андрэя Кіма адлічваецца ад 21 студзеня, астатніх пачне адлічвацца ад пастаноўкі на ўлік.
Што тычыць стратаў Мінтрансу і іншых транспартных арганізацый 10 студзеня, то судзьдзя сказала, што пры жаданьні гэтыя суб'екты могуць падаваць пазоў, які будзе разгледжаны асобна.
Прысуд можа быць абскрджаны ў Менскім гарадзкім судзе цягам 10 дзён. Прэтэнзіі ГУМУ, Узвышша і іншых пунктаў гандлю аб панесеных у той дзень стратах прызнаныя неабгрунтаванымі.
* * *
Зараз (14:53) каля 100 чалавек скандуюць "Разам!", "Свабоду!" і "Жыве Беларусь!", трымаючыся за рукі.
* * *
Камэнтары асуджаных
Міхаіл Пашкевіч: "Гэты прысуд фактычна абмяжоўвае нашу дзейнасьць. Да таго ж у любы момант мы можам аказацца на Валадарцы, нават перайшоўшы дарогу ў непаложаным месцы".
Міхаіл Крываў: "Прысудам улады прымянілі новую форму запалохваньня грамадзкіх актывістаў. Гэта фактычна хатні арышт".
Алесь Чарнышоў Прысуд абсалютна прадказальны, але я ўсьцешаны, што ня скончылася турмой.
* * *
14:29 Моладзь працягнула акцыю падтрымкі пад сьценамі суду. Каля дзесяці чалавек сталі з сашчэпленымі рукамі за сьпіной. Да акцыі далучыўся раварыст. Міліцыя пакуль моўчкі і зь інтарэсам назірае.
14:05 Антона Койпіша забралі ў больніцу ў паўпрытомным стане.
13:45 Прыехала хуткая дапамога, выкліканая Антону Койпішу.
13:25 Судзьдзя пачала зачытваць прысуд цалкам. Падчас гэтага спадару Койпішу стала кепска, ён папрасіў дазволіць яму сесьці. Праз гэтую сытуацыю судзьдзя абвесьціла перапынак у вынясеньні прысуду.
Каля суду маладзёвыя паспрабавалі правесьці флэш-акцыю. Яны сталі тварам да муру й заклалі рукі за галовы. На іх сьпінах былі аркушы зь літарамі, зь якіх некалькі разоў складалася «за што?». Міліцыянты, АМАП і агенты ў цывільным адразу пазрывалі іх. Калі ж актывісты паспрабавалі зноў стаць тварам да сьцяны, але ўжо бязь літар, іх разагналі з прымяненьнем сілы. Затрыманьняў не было.
12:30 Сёньня дзень народзінаў фігуранта справы Ўладзімера Сяргеева. Паплечнікі перад будынкам суду падарылі яму плюшавага чабурашку, ад вушэй да ног экіпіраванага разнастайнай маладафронтаўскай сымболікай. Чуваньне пад дзьвярым суду працягваецца.
12:10 Людзі дагэтуль стаяць пад будынкам суду. Працэс не пачынаўся.
11:20 Працэс яшчэ не пачаўся. Людзей не запускаюць нават у будынак суду. Больш за тое, нават у двор перад будынкам дазволілі прайсьці толькі журналістам і Анатолю Лябедзьку. Рэшта прысутных — каля 30 чалавек — засталіся стаяць на вузкім ходніку на вуліцы Кірава. Сярод іх — вядомыя палітыкі: Аляксандар Мілінкевіч, Вінцук Вячорка, Алесь Міхалевіч, Вячаслаў Сіўчык, Валянцін Стэфановіч.