viasna on patreon

Суд над Парсюкевічам: пракурор падтрымаў абвінавачаньне

2008 2008-04-23T16:46:24+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

15.52 Выдаленыя з залы паскардзіліся старшыні суду Маскоўскага раёну Анатолю Савічу, той прыслаў на працэс свайго памочніка. Працэс аднавіўся з удзелам публікі. Выступае пракурор Сяргей Кунаш. Ён падтрымаў абвінавачваньне.

15.30
Допыт сьведкаў закончыўся. Сьведкі з боку абароны Павал Вінаградаў і Аляксандар Важакоў пацьвердзілі словы Парсюкевіча, што міліцыянт Дулуб напаў на падсуднага. Чакаецца пачатак спрэчак бакоў.

15.20
Судзьдзя выдаліў усіх прысутных залі з-за таго, што публіка гучна адрэагавала на хадайніцтва пацярпелага Дулуба наконт грашовай кампэнсацыі ягоных маральных пакут. Міліцыянт ацаніў свае пакуты ў 2 мільёны рублёў, бо ён меў на твары драпіны, не мог нікуды хадзіць, бо выглядаў як хуліган, адмовіўся нават ад запрашэньня ў госьці.

14.05 Працэс аднавіўся пасьля перапынку. Падтрымаць Парсюкевіча прыйшлі Аляксандар Мілінкевіч, Людміла Гразнова, маці Андрэя Кіма Тацяна Кім, а таксама некаторыя асуджаныя па “Справе 14-ці” . У залі знаходзяцца ня менш 10-ці пераапранутых у цывільнае супрацоўнікаў спэцслужбаў і міліцыі 

13.10
Аб'яўлены перапынак да 14 гадзінаў

13.00
Сёньня на працэсе над Сяргеям Парсюкевічам працягваўся допыт сьведак. Быў дапытаны сьведка Мікалай Гарбачэўскі, грузчык, які жыве ў вёсцы Цнянка пад Менскам. Ён адбываў 5 сутак арышту за хуліганства.

Гарбачэўскі сьведчыў пра пачатак канфлікту паміж Парсюкевічам і міліцыянтам Аляксандрам Дулубам, але блытаўся ў паказаньнях. Спачатку ён паказаў на міліцыянта Вадзіма Якімчыка, што гэта быццам бы той, хто загадаў Парсюкевічу падняцца з ложка. І толькі пасьля заўвагі судзьдзі Гарбачэўскі прызнаў, што пераблытаў міліцыянтаў. Па-другое, Гарбачэўскі сказаў, што Парсюкевіч ніколі не лаяўся матам. Але пракурор зачытаў пісьмовыя паказаньні, у якіх Гарбачэўскі заяўляе, што Парсюкевіч лаяўся нецэнзурна. Гарбачэўскі патлумачыў, што магчыма, тады ён памятаў лепш.

Парсюкевіч таксама адзначыў, што паказаньні Гарбачэўскага чамусьці слова ў слова супадаюць з паказаньнямі міліцыянта Вадзіма Якімчыка. Гарбачэўскі патлумачыў, што сьледчы запісваў з ягоных словаў.

Пасьля гэтага быў дапытаны іншы сьведка, актывіст прадпрымальніцкага руху Аляксандра Таўстыка. Ён пацьвердзіў паказаньне Парсюкевіча, што міліцыянт Дулуб уварваўся у камэру, у зьняважлівай форме загадаў падняцца, ударыў па нагах Парсюкевіча, вывеў яго з камэры, а праз 10 хвілінаў усе пачулі крыкі “Помогите, убивают!”. Таўстыка заявіў, што Аляксандра Дулуб, які прызнаны ў справе пацярпелым, баіцца адказнасьці за свае дзеяньні, таму паклёпнічае на Парсюкевіча.

11.50
Пачынаецца працэс. Прывялі С.Парсюкевіча У двары суда стаіць аўтазак. У залі суду некалькі супрацоўнікаў спэцслужбаў у цывільным. Прысутнічаюць сваякі, прадпрымальнікі.

Працэс над прадпрымальнікам Сяргеем Парсюкевічам пачаўся ў  Маскоўскім судзе Менску  22 красавіка. Яго вінавацяць у зьбіцьці міліцыянта. Максымальнае пакараньне паводле гэтага абвінавачаньня – да шасьці гадоў зьняволеньня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства