У Палаце прадстаўнікоў прапануюць прыцягнуць да адказнасці адменшчыкаў ільгот
Старшыня пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы, будаўніцтве, гандлі і прыватызацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Мікалай Чурсін прапануе прыцягнуць да адказнасці чыноўнікаў, якія распрацоўвалі законапраект аб дзяржаўных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян. Аб гэтым ён заявіў 25 красавіка ў час сумеснага пасяджэння палат Нацыянальнага сходу, на якім члены ўрада адказваюць на пытанні парламентарыяў.
"Пры разглядзе гэтага праекта ў дэпутатаў было шмат пытанняў, — сказаў М.Чурсін. — Але Савет міністраў у асобе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны пераканаў дэпутатаў, што гэты законапраект урэгулюе сацыяльную справядлівасць, знізіць фінансавую нагрузку на бюджэт, а зэкономленыя сродкі будуць накіраваныя на дапамогу дзецям". Аднак, паводле слоў парламентарыя, аргументацыя ўрада аказалася "абсалютна няправільнай". "За першы квартал 2008 года замест эканоміі бюджэтных сродкаў мы атрымалі рост даходаў на гэтыя мэты амаль у тры з паловай разы. Страты таксама адчула чыгунка", — зазначыў дэпутат. Прэзідэнт Беларусі вымушаны выпраўляць сітуацыю, створаную законам, дадаў М.Чурсін.
У адказ на гэта намеснік прэм'ер-міністра Андрэй Кабякоў нагадаў дэпутатам, што згаданы законапраект "мы прымалі разам". "Калі вы зробіце прапанову па адказнасці канкрэтных службовых асоб персанальна, мы гатовы рэальна гэта разгледзець", — сказаў А.Кабякоў.
Закон "Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян" быў прыняты Палатай прадстаўнікоў 23 мая, ухвалены Саветам Рэспублікі 28 мая і 14 чэрвеня 2007 года — падпісаны прэзідэнтам. Ён набыў моц 17 снежня мінулага года.
На сённяшнім пасяджэнні палат парламента дэпутат Вольга Абрамава выказала "глыбокую падзяку за рашэнне аб сезонных ільготах на праезд для пенсіянераў". Яна таксама зазначыла, што неабходна вырашыць пытанне з сацыяльнымі гарантыямі ліквідатарам аварыі на ЧАЭС. //БелаПАН