Палітычная налепка як летапіс беларускага супраціву
Увечары ў пятніцу ў сядзібе Партыі БНФ адкрылася незвычайная выстава палітычных налепак. Усе, хто пажадае наведаць экспазіцыю, змогуць на свае вочы пабачыць гісторыю беларускага супраціву з 1996 па 2008 год. Пакуль у калекцыі крыху больш за сто налепак, якія нагадваюць пра тое, як праходзілі прэзідэнцкія выбарчыя кампаніі 2001 і 2006 гадоў, як ладзіліся буйныя пратэстныя акцыі апазіцыі – “Чарнобыльскі шлях” ці “Еўрапейскі марш”.
Шэраг налепак маюць сатырычны падтэкст. Прыкладам, на іх можна пабачыць пацалунак Аляксандра Лукашэнкі з Барысам Ельцыным, пазнаёміцца з цікавым персанажам – тэлепузікам Лу-лу, які вельмі нагадвае аднаго вядомага беларускага палітыка з вусамі, а таксама высветліць, як выглядае знакаміты “чарнобыльскі вожык”.
Паводле аднаго з арганізатараў выставы Франака Вячоркі, сабраць экспазіцыю было досыць проста – дастаткова было кінуць кліч сярод актывістаў. Аднак ёсць і цяжкасці. Справа ў тым, што многія прыватныя калекцыі налепак, якія гадамі збіралі дэмакратычныя актывісты, былі канфіскаваныя супрацоўнікамі праваахоўных органаў падчас ператрусаў. Таму кожнаму, хто дадасць да экспазіцыі новую налепку арганізатары абяцаюць выдаць адмысловы дыплом.