Судзяць кіраўніка страйкоўцаў на Полаччыне
3 скавіка, у трэці дзень агульнанацыянальнага страйку прадпрымальнікаў, а 16-й гадзіне намесьнік старшыні рэгіянальнай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу і нефармальны лідэр прадпрымальніцкага страйку на Полаччыне Валер Шаўчэнка быў выкліканы па тэлефоне ў Полацкі гарадзкі аддзел унутраных спраў. Аб прычынах выкліку яму нічога не паведамілі.
Калі ж лідэр страйкоўцаў прыйшоў у аддзел, дык пачуў на свой адрас абвінавачаньне ў парушэньні артыкулу 167-1 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях – арганізацыя несанкцыянаванага мітынгу.
Міліцыянты мелі на ўвазе штодзённыя вахты страйкоўцаў на цэнтральным гарадзкім пляцы. А 19-й гадзіне спадар Шаўчэнка быў дастаўлены ў Полацкі гарадзкі суд. Падчас разгляду справы абвінавачаны запатрабаваў заслухаць сьведкаў і судзьдзя Натальля Абрамава вымушаная была перанесьці судовае паседжаньне на 10 сакавіка, паведаміла Радыё Свабода.