viasna on patreon

ЗША яшчэ думаюць над закрыццём амбасады ў Мінску

2008 2008-05-07T13:16:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Намеснік дзяржсакратара ЗША па пытаннях Еўропы і Еўразіі Дэвід Меркель у эксклюзіўным інтэрв’ю Еўрарадыё расказаў, што пытанне пра закрыццё амбасады ў Мінску яшчэ не вырашанае. Таксама ў інтэрв'ю спадар Меркель разважае, ці можна назваць беларуска-амерыканскія адносіны дыпламатычнай вайной, наколькі правамернае ўмяшальніцтва ЗША ва ўнутраныя справы Беларусі, ды гаворыць аб правах чалавека ў нашай краіне. 

- Спадар Меркель, што вы думаеце наконт аб’яўлення персонамі non grata 10 супрацоўнікаў амерыканскай амбасады?

- Беларускае рашэнне аб’явіць нашых дыпламатаў персонамі non grata – гэта нежаданае і неапраўданае рашэнне. Мы абмяркоўваем крокі ў адказ на гэта, цэлы шэраг крокаў. Гэта тое, што мы думаем зараз. Але рашэнне мы яшчэ не аб’явілі. Аднак прычыны, па якіх штат нашай амбасады з сярэдзіны сакавіка скараціўся з трыццаці дыпламатаў да чатырох пасля 3 траўня, – гэта нашая бескампрамісная падтрымка правоў чалавека і патрабаванне вызваліць палітвязняў, а таксама нашая крытыка дзеянняў дзяржавы.

- Як будзе амбасада працаваць зараз? Будзе дапамагаць толькі грамадзянам ЗША, ці беларусам таксама?

- Гэта, відавочна, будзе цяжка з такой малой колькасцю дыпламатаў. Нашая праца па выдачы візаў будзе прыпыненая. 4 чалавекі проста не будуць у стане гэта рабіць. І на нашым сайце ёсць інфармацыя, дзе беларусы змогуць атрымаць візы. Таксама мы працягнем аказваць тэрміновыя паслугі грамадзянам ЗША. Мы цяпер проста спрабуем урэгуляваць нашую працу і вырашыць, як мы адкажам на гэтыя нежаданыя крокі з боку Беларусі.

- На сайце амбасады напісана, што візы беларусам зараз будзе выдаваць пасольства ў Варшаве. Аднак для таго, каб нам патрапіць у Польшчу, трэба мець шэнгенскую візу. Ці абмяркоўвалі вы гэта з Міністэрствам замежных справаў Польшчы?

- Слухайце, гэта тое, што зрабіла беларуская ўлада. Я думаю, пра гэта варта паразмаўляць з ёй.

- Аднак закрываць амбасаду цалкам вы не збіраецеся?

- Магчымыя розныя варыянты. Рашэнне яшчэ не прынятае. Мы спрабуем размаўляць з беларускім бокам пра суровасць іх дзеянняў. Таму дакладнага рашэння яшчэ няма.

- Але ж першага траўня ў Інтэрнэце з’явілася інфармацыя пра закрыццё вашай амбасады ў Мінску...

- Я не ведаю, што выклікала гэтае непаразуменне. Але справа ў тым, што беларусам далі зразумець суровасць такога кроку, рэальную магчымасць нашых дзеянняў і нашага адказу. Я б не хацеў спекуляваць гісторыяй, якую вы прыгадалі зараз. Але зазначу, што рэакцыя ад нас усё ж такі будзе. Мы пакуль чакаем.

- Вы думаеце, варта развязваць дыпламатычную вайну толькі з-за аднаго чалавека, Казуліна?

- Я не магу назваць гэта дыпламатычнай вайной. Мы хацелі паляпшаць адносіны з Беларуссю. Беларуская ўлада згадзілася вызваліць усіх палітвязняў і палепшыць сітуацыю з правамі чалавека ў краіне. Але яны гэтага не зрабілі, хаця ведалі, што гэта можа прадухіліць санкцыі...

- Добра. Але ўсё ж такі, як вы назавяце нашыя адносіны зараз?

- Яны дрэнныя. Яны дзіўныя. Тое, што зрабіла беларуская ўлада, вельмі ўскладніла сітуацыю супрацоўніцтва. Такія дзеянні неапраўданыя. Гэта аддаляе Беларусь ад Еўропы і ад усёй міжнародай супольнасці. Так што Беларусь усё бліжэй і бліжэй да ізаляцыі.

- Як вы думаеце, чаму для Беларусі настолькі прынцыпова – не адпусціць Казуліна?

- Відавочна, прычынаў я не ведаю. Але гэта недапушчальна, што яго пасадзілі на пяць з паловай год за арганізацыю дэманстрацыі, пасыл якой быў такі ж, як і ў міжнароднай супольнасці, - што прэзідэнцкія выбары былі сфальсіфікаванымі, несвабоднымі. Таму я думаю, што ўлады там проста хвалююцца і баяцца выпускаць Казуліна.

- А чаму ЗША так часта становяцца на варце правоў чалавека ў свеце?

- Ну, мы з годнасцю выступаем за правы чалавека. Ёсць міжнародная канвенцыя. І гэта тое, што мы ўспрымаем усур’ёз. І я думаю, што нашая бескампрамісная падтрымка правоў чалавека і крытыка дзеянняў улад, калі яны ігнаруюць правы чалавека, заслугоўвае вялікага гонару.

- Дзе, на вашую думку, заканчваецца абарона правоў чалавека і пачынаецца ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы краіны?

- Ёсць міжнародная канвенцыя, пад якой падпісаліся краіны, у тым ліку і Беларусь. І тое, што мы робім, цалкам адкрыта. Мы падтрымліваем імкненне беларусаў да большай свабоды. Дык чаму тады мы не павінны падтрымліваць унутраныя імкненні беларусаў?

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства