viasna on patreon

Магілёў: суд не задаволіў скаргі партыйнага актывіста

2008 2008-05-13T16:35:49+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Ленінскі суд Магілёва не задаволіў скаргі актывіста Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Мікалая Расюка на дзеяньні кіраўніка спраў гарвыканкаму Ігара Аўсеенкі, які не дазволіў апазыцыйную акцыю 25 сакавіка. Судзьдзя Галіна Кужалева довады скаржніка палічыла неабгрунтаванымі, а дзеяньні чыноўніка — законнымі.

Праз суд актывіст намагаўся абскардзіць пастанову, якою гарвыканкам не дазволіў правесьці мітынг і шэсьце да гадавіны абвяшчэньня БНР. Мікалай Расюк у судзе даводзіў, што заяўка разглядалася з парушэньнем заканадаўства. У сувязі з гэтым ён таксама патрабаваў прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці кіраўніка спраў гарвыканкаму Ігара Аўсеенку.

Вырак суду Мікалай Расюк лічыць неаб’ектыўным і несправядлівым.

“Матывацыя забароны высмактана з пальца. Мы гэта давялі суду. Пляцоўка, на якой мы плянавалі правесьці мітынг, не рамантавалася. Гэта зафіксавана на фотаздымках. Мы іх падалі суду. Аднак судзьдзя Кужалева сказала, што ў яе ёсьць дакумэнтацыя на рамонт, і гэтага ёй дастаткова. Гарвыканкам у дадзеным выпадку не знайшоў іншага адказу, як папросту пайсьці на падман. Нашыя абвінавачаньні, што кіраўнік спраў гарвыканкаму перавысіў свае паўнамоцтвы, застаюцца актуальнымі”, — зазначыў “Свабодзе” пасьля суду Мікалай Расюк.

Гарвыканкам не дазволіў правесьці мітынг і шэсьце да Дня волі, спаслаўшыся на тое, што месцы правядзеньня гэтых імпрэзаў рамантуюцца.

Сёньня суд азнаёміўся з дакумэнтамі, у якіх нібыта зафіксаваны факт рамонту гэтай пляцоўкі. У дакумэнтах, аднак, не пазначана, ці менавіта пляцоўку рамантавалі. Прадстаўніца гарвыканкаму Ала Галушка патлумачыла: рамантавалі адразу ўсю вуліцу, а ня толькі пляцоўку.

Зробленыя Расюком 8 траўня фотаздымкі, на якіх відаць, што пляцоўку не рамантавалі даўно, судзьдзя Галіна Кужалева палічыла довадамі непераканаўчымі.

Мікалай Расюк мае намер абскардзіць пастанову Ленінскага суду ў Магілёўскім абласным судзе.

Мітынг да Дня Волі меўся адбыцца 23 сакавіка ў вызначаным уладай месцы — на пляцоўцы перад Палацам культуры й адпачынку Магілёўскага гарвыканкаму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства