viasna on patreon

ЦВК не гатова дэмакратызаваць выбарчы працэс

2008 2008-05-14T13:56:28+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Лідзія Ярмошына адказала на  прапановы па ўдасканаленню выбараў, падрыхтаваныя ўдзельнікамі кампаніі “За Свабодныя выбары”, ініцыяванай Рухам “За Свабоду”. Ліст старшыні ЦВК каментуе намеснік кіраўніка Руху “За Свабоду” Віктар Карнеенка.

У лісце старшыні ЦВК Беларусі паведамляецца, што прапанаваныя экспертамі кампаніі праекты пастаноў паўтараюць пастановы пра тлумачэнні выбарчага заканадаўства, якія прымаліся ЦВК раней. Да таго ж, шэраг прапаноў утрымлівае палажэнні, якія, на думку старшыні ЦВК, з’яўляюцца новымі нормамі, патрабуючымі зменаў у Выбарчым Кодэксе, што ЦВК рабіць не мае права, бо “з’яўляецца правапрымяняльным органам”. Што тычыць прапанаванага дэмакратычнымі палітыкамі парадку выкарыстання СМІ пры агітацыі, то,  на думку Лідзіі Ярмошынай, ён не дазволіць рэалізаваць права доступу кандыдатаў на тэлебачанне і радыё, бо ў прапанове адсутнічае механізм размеркавання эфірнага часу паміж кандыдатамі.

– Мы бачым, што ў лісце Ярмошынай шмат няпраўды. Яго нават цяжка каментаваць. Напрыклад, чаму сябры камісіі не могуць падпісаць выбарчыя бюлетэні? У чым праблема? Прычым тут выбарчы Кодэкс? Мы за аснову бралі ранейшыя пастановы ЦВК, у якія ўносілі нашы прынцыповыя дадаткі. Гэта агульная схема працы. Напрыклад, у пастанову аб назіранні мы прапанавалі такі сказ: “Назіральнік мае права назірання за працэсам падліку галасоў”. З чым тут нельга пагадзіцца? – задаецца пытаннем намеснік кіраўніка Руху “За Свабоду” Віктар Карнеенка.

Віктар Карнеенка зняпраўджвае словы Лідзіі Ярмошынай пра тое, што прапановы дэмсілаў патрабуюць зменаў у Законе.

– Нашы прапановы не патрабуюць зменаў у Выбарчым кодэксе, на што наракае Ярмошына. Тым часам сама ЦВК раней сваімі пастановамі часцяком звужала правы тых жа назіральнікаў, прапісаныя ў законе. Наконт эфірнага часу ў электронных СМІ. Мы як раз прапануем пашырыць магчымасці кандыдатаў выступаць па радыё і тэлебачанню, – каментуе ліст старшыні ЦВК Віктар Карнеенка.

Напрыканцы свайго паслання Лідзія Ярмошына заяўляе, што ў правядзенні дыскусіі паміж ЦВК і ініцыятарамі кампаніі “За Свабодныя выбары” па пытаннях удасканалення практыкі прымянення Выбарчага заканадаўства няма ніякай неабходнасці. Да таго ж, такое мерапрыемства, па словах Ярмошынай, не прадугледжвае рэгламент працы Центрвыбаркама. То бок, ЦВК адмаўляецца ад абмеркавання захадаў па дэмакратызацыі выбарчага працэсу.

На думку Віктара Карнеенкі, кіраўніцтву Беларусі не патрэбна ніякіх дыскусіяў. Улады не зацікаўленыя ў дэмакратызацыі выбараў і чыноўнікі не збіраюцца прыводзіць іх да нейкіх агульнаеўрапейскіх стандартаў.

– Мы прадбачылі такі адказ і будзем рыхтаваць іншыя прапановы для ЦВК, ад якіх будзе адмовіцца не проста. Калі ў нас не атрымаецца дамагчыся дэмакратызацыі выбарчага працэсу, мы прадэманструем у першую чаргу грамадзянам Беларусі сапраўдны інтарэс ўлады, – кажа Віктар Карнеенка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства