viasna on patreon

Агляд-хроніка парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, травень 2008 году

2008 2008-06-10T15:54:36+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У траўні ў Беларусі працягнуўся разгляд палітычна матываваных крымінальных справаў, узбуджаных супраць удзельнікаў мірных дэмакратычных акцыяў. Яшчэ тром моладзевым актывістам Міхаілу Субачу, Паўлу Вінаградаву і Максіму Дашуку суд вынес пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі і, такім чынам, колькасьць палітвязьняў павялічылася.

Асуджанаму на два з паловай гады пазбаўленьня волі па палітычных матывах Сяргею Парсюкевічу Мінскі гарадзкі суд адмовіў ў задавальненьні скаргі на вынесены ў мінылым месяцы прысуд. Да таго ж палітвязень пакутуе на хранічныя захворваньні, яму патрэбна неадкладная аперацыя. 26 таўня маці Сяргея Парсюкевіча накіравала індывідуальны зварот ў Камітэт па правах чалавека ААН. Падставай звароту ў незалежны міжнародны орган паслужыла парушэньне права яе сына на свабоду і асабістую недатыкальнасьць, прадугледжаную артыкулам 9 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, бо пасьля затрыманьня Сяргей Парсюкевіч "меў права быць неадкладна дастаўленым да судзьдзі, які мусіць прымаць рашэньне аб арышце ці вызваленьні".

Палітвязьня Андрэя Кіма з СІЗА перавялі ў Бабруйскую выпраўленчую калонію. 2 траўня была пададзеная касацыйная скарга па справе Андрэя Кіма, але паколькі судзьдзя знаходзіцца ў адпачынку, разгляд скаргі адбудзецца не раней за чэрвень.

29 траўня ў Менску адбылася прэзентацыя кнігі “Прага вясны: Крымінальныя прысуды, вынесеныя ў 2007 годзе па палітычных матывах”, падрыхтаваная з удзелам беларускіх праваабаронцаў. У зборніку зьмешчаны публіцыстычныя артыкулы розных аўтараў, героямі твораў зьяўляюцца Канстанцін Лукашоў, Зміцер Федарук, Барыс Гарэцкі, Алег Корбан, Аляксей Янушэўскі, Наста Палажанка, Валер Шчукін, Андрэй Клімаў, Наста Азарка, Іван Шыла, Яраслаў Грышчэня, Зміцер Дашкевіч, Наталля Ільініч, Артур Фінькевіч. Дата прэзентацыі аказалася сімвалічнай, бо ў гэты дзень ў 2007 годзе былі вынесеныя прысуды ў крымінальнай справе супраць пяцярых сяброў “Маладога фронту”, якіх абвінавацілі ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Назва кнігі “Прага вясны” таксама сімвалічная – адначасова можна казаць пра згадкі таго, што адбылося ў Празе на пачатку 90-х гадоў, і пра тое, што героі зборніку прагнуць вясны ў Беларусі.

У траўні беларускія ўлады не паслаблялі адміністратыўны ціск на грамадзкіх дзеячоў, адбываліся прэвентыўныя затрыманьні і прыцягненьне палітычных апанентаў да адміністратыўнай адказнасьці ў выглядзе арыштаў і штрафаў. Абсурдным выглядала затрыманьне супрацоўнікамі міліцыі 1 траўня каля 30 сябраў сябраў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», якія прыйшлі а 12 гадзіне да Нацыянальнай бібліятэкі на сьвяткаваньне афіцыйнымі прафсаюзамі Першамаю. Пры гэтым супрацоўнікі міліцыі паводзілі сябе досыць жорстка. У выніку за тое, што актывісты разгарнулі сьцягі Еўразьвязу, 6 чалавек былі асуджаныя да адміністратыўнага арышту. Старшыня аргкамітэту па стварэньні БСДП «Народная Грамада» Мікалай Статкевіч атрымаў 10 сутак за віншаваньне прысутных са сьвятам салідарнасьці працоўных праз мегафон!

Не менш абсурдным выглядае адміністратыўны арышт тэрмінам на 15 сутак журналіста і выдаўца Віктара Хурсіка, вынесены 15 траўня судом Старых Дарогаў, за ўсталяваньне крыжа ў памяць ахвяраў злачынстваў савецкіх партызанаў у вёсцы Дражна. Аўтара кнігі “Кроў і попел Дражна” Віктара Хурсіка абвінавацілі ў правядзеньні несанкцыянаванага мерапрыемства, раней па гэтай справе 15 сутак адседзеў дэмакратычны актывіст Вячаслаў Сіўчык. Крыж Ефрасіньні Полацкай, усталяваны грамадзкасьцю 19 красавіка, быў дэмантаваны на загад мясцовых уладаў.

У траўні атрымаў працяг дыпламатычны канфлікт паміж беларускімі ўладамі і ЗША. Усьлед за высылкаў амерыканскіх дапламатаў і пагрозай закрыцьця амбасады ЗША ў Менску, па дзяржаўным тэлебачаньні неаднаразова гучалі абвінавачаньні амерыканцаў у шпіянажы і фінансаваньні беларускай апазіцыі, а ў бібліятэках Беларусі працягваюць ліквідоўваць “амерыканскія куткі”. Бібліятэкары не хаваюць, што прычыны закрыцьця — палітычныя. “Амерыканскія куткі” ў бібліятэках фармаваліся з кніг, якія прэзэнтавала амерыканская амбасада. На адкрыцьцё куткоў і іх амаль штогадовае папаўненьне выдаткавана больш за 400 тысяч даляраў. Меркавалася, што дзякуючы ім грамадзяне Беларусі даведаюцца больш пра ЗША. Акрамя кніг, бібліятэкам перадаваліся аўдыё- ды відэаматэрыялы, кампутары і іншая аргтэхніка.

15 траўня Мінфін ЗША апублікаваў новае ўдакладненьне да выкарыстаньня эканамічных санкцыяў супраць трох прадпрыемстваў кампаніі “Белнафтахім”. Падчас анлайн-канферэнцыі 16 траўня на сайце газеты "Комсомольская правда" в Белоруссии" часовы павераны ў справах ЗША Джанатан Мур заявіў: "Сітуацыя, якую мы назіраем ў апошні час у Беларусі, беспрэцэдэнтная".

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International выдала штогадовую справаздачу аб становішчы з правамі чалавека ў сьвеце за мінулы год (з траўня 2007 па травень 2008 г.). У разьдзеле даклада, прысьвечаным Беларусі, адзначаецца ціск уладаў на грамадзянскую супольнасьць, юрыдычны перасьлед апазіцыйных актывістаў, а таксама працяг выкананьня сьмяротных пакараньняў. Змаганьне супраць сьмяротнага пакараньня было адным з галоўных напрамкаў дзейнасьці Amnesty International ад пачатку яе стварэньня. Юрыдычная практыка Беларусі кідае выклік гэтым памкненьням арганізацыі. Беларусь — адзіная краіна ня толькі ў Еўропе, але і ў рэгіёне, якая працягвае выконваць сьмяротныя пакараньні. У дакладзе прывоздяцца шматлікія выпадкі крымінальнага перасьледу актывістаў “Маладога Фронту”, якія прыцягваліся да адказнасьці за “дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі”. Таксама прыгадваецца выпадак з праваабарончай арганізацыяй “Вясна”, якая была зьліквідаваная ў 2003 годзе. Летась у ліпені Камітэт ААН па правах чалавека прыняў пастанову, у якой расцаніў ліквідацыю “Вясны” як парушэньне беларускімі ўладамі права на свабоду асацыяцыяў і прапанаваў выправіць сітуацыю, аднак беларускія ўлады праігнаравалі гэтую рэкамендацыю. Сёлетняя справаздача Amnesty International сапраўды пацьвярджае, што Беларусь застаецца несвабоднай краінай.

  1. Палітычна матываваныя крымінальныя справы

2 траўня асуджанага віцебскага прадпрымальніка Сяргея Парсюкевіча перавялі ў сьледчы ізалятар Жодзіна (Смалявіцкі раён), што зьвязана з рамонтам сталічнага СІЗА. На наступны дзень адбылася сустрэча палітвязьня з ягонай адвакаткай Верай Страмкоўскай. Яна адзначыла, што Сяргей Парсюкевіч дрэнна сябе адчувае, яму неабходная аперацыя ў сувязі з паліпозам. Па словах адвакаткі, асуджаны напісаў заяву пра датэрміновы перавод са сьледчага ізалятару ў калонію, бо толькі адтуль яго могуць накіраваць на аперацыю ў рэспубліканскі турэмны шпіталь. 21 траўня Сяргея Парсюкевіча зьмясьцілі ў санчастку Жодзінскай калоніі, у палаце з палітвязьнем апынуліся псіхічна хворыя людзі. Як даведалася жонка асуджанага з атрыманага ліста, Сяргей Парсюкевіч пашкадаваў, што патрапіў у санчастку, бо ніякай рэальнай дапамогі там не атрымлівае.

30 траўня судовая калегія Менскага гарадскога суду пад старшынствам сп. Камісарава разгледзела касацыйную скаргу Сяргея Парсюкевіча. Довады абароны не былі ўлічаныя і прысуд палітвязьню пакінуты без зьменаў. Па словах адваката, у хуткім часе асуджанага павінны перавесьці ў Шклоўскую калонію.

27 траўня судзьдзя Цэнтральнага раённага суду Менску Валеры Есьман вынес прысуд яшчэ тром абвінавачаным па “справе 14-ці” за ўдзел 10 студзеня ў акцыі пратэсту прадпрымальнікаў. Міхаіл Субач, Павел Вінаградаў і Максім Дашук прызнаныя віноўнымі ў зьдзяйсьненьні крымінальнага злачынства па ч.1 арт. 342 КК РБ – “Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак” і асуджаныя да абмежаваньня волі без накіраваньня ў выпраўленьчыя ўстановы: Павел Вінаградаў і Міхаіл Субач – на два гады, а непаўнагадовы Максім Дашук – на паўтары гады. У крымінальнай справе застаецца яшчэ адзін абвінавачаны – Аляксандар Баразенка, які вучыцца ва Ўроцлаўскім універсітэце па праграме Кастуся Каліноўскага. Паколькі Аляксандр не прыехаў у Беларусь, каб азнаёміцца з матэрыяламі справы, яго абвясьцілі ў вышук.

2 траўня ў рэспубліканскім шпіталі адбылося першае пасьля суду спатканьне палітвязьня Андрэя Кіма з маці. “Спатканне доўжылася прыкладна гадзіну, — распавяла Таццяна Кім. — Выглядае ён бадзёра, увесь час супакойвае мяне, падтрымлівае словамі, каб я моцна не перажывала. У Андрэя пагаршаецца зрок, вочы чырвоныя, запаленьне. Больш нічога сказаць не магу, бо атрымаць нейкую інфармацыю ад дактароў вельмі цяжка. У турэмным шпіталі рэжым яшчэ больш закрыты, чым у СІЗА”.

Пасьля выпіскі са шпіталю Андрэй Кім быў пераведзены ў Бабруйскую выпраўленчую калонію №2. Пра гэта маці палітвязьня Тацяна Кім даведалася, калі прынесла сыну перадачу ў СІЗА на Валадарскага. Касацыйная скарга па справе Андрэя Кіма была пададзена 2 траўня, дата судовага разгляду яшчэ не прызначаная.

  1. Адміністратыўныя затрыманьні і пакараньні грамадзка-палітычных актывістаў

2 траўня судзьдзя Першамайскага суду сталіцы Юры Гарбатоўскі на падставе арт. 23.34 КаАП (“Парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў) вынес пастанову арыштаваць палітыка Мікалая Статкевіча на 10 сутак адміністратыўнага арышту. Лідэр аргкамітэту па стварэньні сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Мікола Статкевіч быў затрыманы міліцыянтамі 1 траўня каля будынка Нацыянальнай бібліятэкі, дзе праходзіла афіцыйнае сьвяткаваньне Першамаю, ноч да суду ён правёў у ізалятары на Акрэсьціна. Як зазначыў палітык , “суткі” яму далі “за несанкцыянаваны мітынг на санкцыянаваным мітынгу”.

Моладзевыя актывісты Зьміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч, Павел Юхневіч і Яўген Афнагель 15 траўня завочна асуджаныя Першамайскім судом Менску на падставе арт.23.34 КаАП да сямі сутак адміністратыўнага арышту за ўдзел у сьвяткаваньні Першамаю, які ладзіла Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі ля Нацыянальнай бібліятэкі.Пра вынесеныя судом рашэньні яны дазналіся, атрымаўшы копіі пастановаў. Пасьля затрыманьня 1 траўня ў Першамайскім РУУС на іх былі складзеныя адміністратыўныя пратаколы за тое, што яны прыйшлі на акцыю са сьцягамі Еўразьвязу, пасьля чаго іх адпусьцілі пад абавязальніцтва зьявіцца ў міліцыі па першым патрабаваньні. Аднак ні разу пасьля гэтага іх ніхто не выклікаў ні ў суд, ні ў РАУС.

3 траўня судзьдзя Крупскага раённага суду Андрэй Сіз на падставе двух адміністратыўных атыкулаў (арт. 23.4 КаАП – Непадпарадкаваньне законным патрабаваньням службовай асобы пры выкананьні ім службовых паўнамоцтваў і арт. 23.34 КаАП – Парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў) аштрафаваў вядомага беларускага мастака Алеся Пушкіна на 25 базавых велічыняў. Па меркаваньню міліцыянтаў і судзьдзі віна мастака палягала ў спробе віншаваньня мясцовых жыхароў з 90-годзьдзем БНР.

22 траўня судзьдзя Пухавіцкага райсуду Святлана Акуліч аштрафавала грамадзкага актывіста Сяргея Абразоўскага на 40 базавых велічыняў (1 млн. 400 тыс. рублёў). Ён абвінавачаны ў арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу супраць будаўніцтва заводу па вытворчасьці пестыцыдаў у пасёлку Дружным. Сяргея Абразоўскага ў другі раз караюць штрафам. За стыхійны мітынг мітынг, які абдыўся 22 сакавіка, ён ужо быў пакараны судом на такую ж суму. Актывіст лічыць гэта запалохваньнем. Ён заяўляе, што ня спыніць барацьбы супраць намеру ўладаў пабудаваць хімічны завод у пасёлку Дружны, дзе цяпер жывуць перасяленцы з раёнаў, пацярпелых ад катастрофы Чарнобыльскай АЭС.

23 траўня гарадскі аддзел МНС аштрафаваў на 30 базавых велічыняў (1 млн. 50 тыс. руб.) кіраўніка гарадзенскай філіі АГП Юрыя Істоміна нібыта за "парушэньне пажарнай бясьпекі". Насамрэч, прычынай перасьледу паслужыў канцэрт польскага гурта “Transkapela”, які прайшоў 13 траўня ў партыйным офісе і быў арганізаваны пры падтрымцы Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Гродне.

27 траўня судзьдзя Валянціна Кісьмярошкіна Чыгуначнага райсуду Віцебску завочна вынесла пастанову аб адміністратыўным арышце тэрмінам на 10 сутак (па арт. 17.1 КаАП – дробнае хуліганства), а таксама выплаце штрафу ў памеры 20 базавых велічыняў (па арт. 23.4 КаАП – непадпарадкаваньне законным дзеяньням супрацоўнікам міліцыі) юрысту і праваабаронцу Паўлу Левінаву за падзеі падчас ператрусу 27 сакавіка ў кватэры віцебскага журналіста Вадзіма Баршчэўскага. Сп. Левінаў катэгарычна ня згодны з абвінавачаньнем і вынесеным прысудам і мяркуе яго абскардзіць.

  1. Парушэньне права на свабоду асацыяцыяў

Мiнiстэрства юстыцыi Рэспублiкi Беларусь адтэрмiнавала рашэньне аб рэгiстрацыi грамадзкага аб'яднаньня "Цэнтр падтрымкi чарнобыльскiх iнiцыятываў". У адказе напiсана, што станоўчае рашэньне ня можа быць прынятае, паколькi пэўныя пункты ў статуце аб'яднаньня ня ў поўнай ступенi адпавядаюць патрабаваньням арт.9 i 10 Закона Рэспублiкi Беларусь "Аб грамадскiх аб'яднаньнях". У сувязi з гэтым мiнiстэрства дае месяц на выпраўленьне ўсiх недахопаў i прапануе потым падаць новую заяву на рэгiстрацыю. Кiраўнiк аб'яднаньня акадэмiк Iван Нiкiтчанка лічыць, што прычыны нерэгістрацыі палягаюць у палітычнай плоскасьці і зьвязаныя з абаронай правоў.

Наглядная інстанцыя Вярхоўнага Суду Рэспублікі Беларусь падтрымала вынесенае 26 кастрычніка 2007 г. рашэньне Вярхоўнага Суду аб адмове ў задавальненьні скаргі заснавальнікаў на нерэгістрацыю Міністэрствам юстыцыі “Грамадскага праваабарончага аб’яднаньня “Вясна”. У адказе за подпісам намесьніка Старшыні Вярхоўнага Суду Рэспублікі Беларусь В. Вышкевіча паведамляецца, што наглядная скарга Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзімера Лабковіча на вынесенае судовае рашэньне не падлягае задавальненьню. Вярхоўны суд не пагадзіўся з довадамі заяўнікоў, што ня была прадстаўлена адтэрміноўка для выпраўленьня адзначаных недахопаў, паколькі як сьцвярджаецца ў адказе, “адтэрміноўка дзяржаўнай рэгістрацыі ў адпаведнасьці з арт. 15 Закона “Аб гарамадзкіх аб’яднаньнях” зьяўляецца правам, а не абавязкам рэгіструючага органа”.

29 траўня Вярхоўны суд ліквідаваў Гарадзенскую абласную структуру грамадзкай арганізацыі БНФ “Адраджэньне” на падставе адсутнасьці памяшканьня і юрыдычнага адрасу. “Два гады таму мы былі пазбаўленыя памяшканьня, у якім былі зарэгістраваныя Гарадзенская абласная, гарадзкая і дзьве раённыя гарадзенскія арганізацыі. У сувязі з тым, што цяпер кошты за арэнду для грамадзкіх арганізацыяў падняліся ў 10 разоў, мы ня здолелі ў горадзе знайсьці памяшканьня для арэнды,” - патлумачыў кіраўнік абласной арганізацыі БНФ "Адраджэньне" Сяргей Мальчык.

  1. Катаваньні і іншыя віды жорсткага бесчалавечнага абыходжаньня

У траўні атрымала грамадзкі рэзананс сітуацыя, якая склалася ў Багушэўскім абласным шпіталі для хворых на сухоты (Віцебская вобласьц). Нечалавечыя ўмовы знаходжаньня і лячэньня ў медустанове сталі прычынай звароту пацыентаў у незалежныя СМІ. Праваабаронцы з Воршы разам з карэспандэнтам “Народных навінаў Віцебску” наведалі Багушэўскі абласны шпіталь. Хворыя паскардзіліся на парушэньне санітарна-бытавых умоваў, на дрэннае харчаваньне, адсутнасьць радыёкропак, газэт і тэлевізараў, магчымасьці наведваць лазню і карыстацца душам, абмежаваньне ў прагулках.

20 траўня ў сухотнікаў Натальлі і Валерыя Драбышэўскіх, якіх датэрмінова выпісалі са шпіталю на амбулаторны нагляд па прычыне распаўсюду інфармацыі, у Аршанскай раённай пракуратуры адмовіліся прыняць скаргу на кепскія ўмовы ўтрыманьня ў шпіталі. Супрацоўнікі пракуратуры спаслаліся на тое, што горад Багушэўск знаходзіцца ў іншым раёне, аднак Драбышэўскія лічаць такое рашэньне незаконным, бо самі яны жыхары Воршы. Тады па пошце яны накіравалі скаргі ў пракуратуры Воршы і Сянна, а таксама ў Віцебскі абласны аддзел аховы здароўя.

Нагадаем, што на пачатку гэтага году ў Рэспубліканскім шпіталі для сухотнікаў у пасёлку Наваельня Гарадзенскай вобласьці хворыя галадалі ў знак пратэсту супраць незадавальняючых умоваў абслугоўваньня. 2008 год ў Беларусі афіцыйна абвешчаны Годам здароўя.

29 траўня апоўначы бабруйскі актывіст Алесь Чыгір вяртаўся дахаты разам з сям’ёй пасьля адзначэньня свайго дня народзінаў. Ён быў прэвентыўна затрыманы супрацоўнікамі міліцыі пры выхадзе з таксоўкі і дастаўлены ў аддзяленні міліцыі № 1 УВД Бабруйскага гарвыканкама. Затрыманьне магчыма зьвязанае з тым, што на адкрыцьцё Лядовага палацу ў Бабруйск меўся прыехаць прэзідэнт Лукашэнка. Міліцыянты склалі на актывіста адміністратыўныя пратаколы, абвінаваціўшы сп. Чыгіра ў дробным хуліганстве ды непадпарадкаваньні міліцыі, зьбіўшы пры гэтым у пастарунку. “Білі прафесійна: расьцягвалі шыю, падымалі за валасы, рабілі “ластаўку". Я валяўся на падлозе, на мяне ставілі ногі… Гэтым гвалтам кіраваў маёр Тоўсьцік, а дапамагаў яму старшына Пашолкін. Яны казалі, што зараз адсячом табе пальцы,” – распавёў Алеь Чыгір.

30 траўня актывіст быў дастаўлены ў суд, аднак судзьдзя Натальля Чарапуха вярнула справу на дапрацоўку з-за істотных неадпаведнасьцяў у сьведчаньнях міліцыянтаў. Алесь Чыгір адразу пасьля вызваленьня накіраваўся ў судмедэкспертызу, каб зьняць пабоі. Таксама ён накіраваў скаргу на неправамерныя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі ў пракуратуру і ў аддзел унутранных расьследаваньняў УВД.

  1. Парушэньні прынцыпу свободы слова і распаўсюду інфармацыі

3-га траўня ў Сусветны дзень свабоды прэсы прадстаўнікі Аб’яднаных дэмакратычных сіл (АДС) планавалі правесьці ў Менску акцыю салідарнасьці з незалежнымі СМІ краіны. Аднак супрацоўнікі праваахоўных органаў не дазволілі палітычным лідэрам і грамадзкім актывістам раздаць каля Галоўпаштамту недзяржаўныя газеты «Народная воля», «Товарищ» і «Нашу Ніву», забароненыя для распаўсюду праз кіёскі «Белсаюздруку» і па падпісцы. У рэспубліканскай пракуратуры адмовіліся прымаць скаргу ўдзельнікаў акцыі на дзеяньні міліцыянтаў, а намесьнік начальніка ГУУС Мінгарвыканкаму Уладзімір Станілевіч папярэдзіў, што дзеяньні прадстаўнікоў апазіцыі па распаўсюду будуць трактавацца як несанкцыянаванае вулічнае мерапрыемства.

13 траўня ў сталічную пракуратуру быў выкліканы на допыт у якасьці сьведкі каардынатар тэлеканала «Белсат» у Беларусі, сябра Праўленьня ГА «БАЖ» Эдуард Мельнікаў. Допыт, які вёў следчы па асабліва важных справах Віктар Шабан, тычыўся «крымінальнай справы аб мульфільмах», на падставе якой 27 і 28 сакавіка ў кватэрах журналістаў — у тым ліку і Э. Мельнікава — супрацоўнкі КДБ правялі ператрусы. «Мяне запыталі пра маю прыналежнасць да „Белсату“. Я сказаў, што займаюся рэгістрацыяй прадстаўніцтва гэтага тэлеканалу ў Беларусі і раблю гэта тут абсалютна афіцыйна. Да мультфільмаў я дачыненьня ня маю, пра што і паведаміў сьледчаму», — распавёў Эдуард Мельнікаў.

16 траўня суд Цэнтральнага раёну Менску асудзіў пазаштатнага карэспандэнта незалежнай газеты «Наша Ніва» Яраслава Сьцешыка на 5 сутак адміністратыўнага арышту на падставе ілжывага абвінавачаньня ў нецэнзурнай лаянцы ў грамадзкім месцы (арт. 17.1 КаАП – дробнае хуліганства). Журналіст быў затрыманы напярэдадні на месцы правядзеньня вулічнага апытаньня, якое ладзілі ўдзельнікі моладзевага руху «Бунт» каля гандлёвага дому «На Нямізе». Як патлумачыў Яраслаў Сьцешык на судзе, ён толькі фатаграфаваў гэтую акцыю, а супрацоўнікі міліцыі пагражалі яму «непрыемнасьцямі» з-за таго, што ён здымае іхныя твары.

16 траўня стала вядома, што ў патрэбны тэрмін не прыйшоў да чытачоў чарговы нумар незалежнай газеты «Борисовские новости». Кіраўніцтва тыпаграфіі, ў якой мусіла друкавацца выданьне, заўважыла невялікі артыкул пра малодшага сына Аляксандра Лукашэнкі. Матэрыял быў зьняты з паласы. Тады рэдактар дамовіўся аб супрацоўніцтве з іншай тыпаграфіяй. Такім чынам, нумар газеты быў надрукаваны са спазьненьнем.

28 траўня МЗС адмовіла ў акрэдытацыі карэспандэнту “Радыё Рацыі” Аляксею Мінчонку на той падставе, што «раней ён займаўся журналісцкай дзейнасьцю на карысьць замежнага СМІ без акрэдытацыі пры МЗС». Журналіст прыняў рашэньне падаць дакументы на акрэдытацыю пасьля ператрусаў у офісах незалежных радыёстанцый 27 сакавіка. Гэтую ініцыятыву падтрымала кіраўніцтва «Рацыі», і 28 красавіка журналіст накіраваў у МЗС усе неабходныя паперы. Аднак, як аказалася, гэтага недастаткова, каб мець магчымасьць афіцыйна працаваць на тэрыторыі Беларусі. Як паведаміў Аляксей Мінчонак, пасьля кансультацыяў з юрыстамі і кіраўніцтвам радыёстанцыі ён можа зьвярнуцца ў суд.

  1. Парушэньні права на свободу мірных сходаў

21 траўня актывіст Руху “За свабоду” сябра АГП Уладзімер Кацора з Гомеля накіраваў ў Камітэт ААН па правах чалавека індывідуальную скаргу, бо на працягу двух апошніх гадоў яго арыштоўвалі за палітычную дзейнасьць пяць разоў. Агулам дэмакратычны актывіст правёў за кратамі амаль сорак сутак, у тым ліку 17 – за парушэньне закону аб масавых мерапрыемствах. На ўласным прыкладзе Уладзімір Кацора паказвае ў скарзе, што міліцыя, а затым суды, караючы за распаўсюд інфармацыі пра мірныя сустрэчы гараджанаў з палітыкам Аляксандрам Мілінкевічам, парушылі ня толькі Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, але і артыкулы 19 і 21 Мтжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

У красавіку Гомельскі гарвыканкам апублікаваў у афіцыйным мясцовым друку рашэньне № 299 пра новы парадак правядзеньня ў горадзе масавых мерапрыемстваў. Паводле рашэньня цяпер прадстаўнікі палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў да замовы на пікет альбо мітынг павінны прыкласьці дамовы з райаддзелам міліцыі на ахову грамадзкага парадку падчас масавага мерапрыемства, з цэнтральнай гарадзкой паліклінікай — на медычнае абслугоўваньне, з камунальным прадпрыемствам “ГарСАП” (гарадзкое спэцаўтапрадпрыемства) — на прыбіраньне тэрыторыі. Меркаваньне старшыні Гомельскай гарадзкой арганізацыі рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня “Прававая ініцыятыва”, юрыста Леаніда Судаленкі: “Гэтае рашэньне гарвыканкаму супярэчыць ня толькі Канстытуцыі і закону аб масавых мерапрыемствах, але і міжнародным пагадненьням Беларусі ў галіне правоў чалавека. Такое рашэньне Гомельскага гарвыканкаму — нішто іншае, як чарговыя паборы з грамадзянаў. Зьдзіўляе, што рашэньне прайшло рэгістрацыю ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Беларусі”. Між тым апошнім часам Гомельскі гарвыканкам забараняў усе пікеты і мітынгі, якія замаўлялі прадстаўнікі палітычных партыяў і грамадзкіх дэмакратычных арганізацыяў, у тым ліку і тыя, якія тычыліся чарнобыльскіх праблемаў і адмены льготаў. Летась дазволы на масавыя акцыі не атрымалі 74 чалавекі. Таму сёлета ў лютым група грамадзянаў абскардзіла забароны гарвыканкаму ў судзе. Але безвынікова. Суд спаслаўся на тое, што выканкам мае права не дазваляць пікеты й мітынгі дзеля захаваньня грамадзкага парадку.

  1. Дзейнасьць сьпецслужбаў

Загадчык псіханеўралагічнага аддзяленьня Слонімскай цэнтральнай райбальніцы сп. Кандратоўскі атрымаў ліст, падпісаны кіраўніком мясцовага аддзяленьня КДБ Аляксандрам Мазальковым з загадам праверыць па ўліках псіханеўралагічнага і наркалагічнага дыспансераў галоўнага рэдактара адзінага незалежнага выданьня на Гродзеншчыне «Газеты Слонімскай» Віктара Валадашчука і яго блізкіх. Акрамя гэтага, ваенны камісар Слонімскага раёна Юрый Труш прапанаваў Віктару Валадашчуку падпісаць заяву, у якой журналіст павінен даць згоду на правядзеньне органамі дзяржаўнай бясьпекі ў адносінах да сябе праверачных мерапрыемстваў і часовае абмежаваньне ў сувязі з гэтым права на недатыкальнасьць асабістага жыцьця. На думку Віктара Валадашчука, захады супраць яго непасрэдна зьвязаныя з жаданьнем уладаў зьліквідаваць адзінае незалежнае выданьне рэгіёна — «Газету Слонімскую», бо менавіта ў гэты самы час падаткавая інсьпекцыя мае намер ажыцьцяўляць праверку дзейнасьці, а мясцовы райвыканкам разглядаць пытаньне аб працягненьні ліцэнзіі на гандлёвую дзейнасьць.

23 траўня на кватэру да вядомага віцебскага праваабаронцы Леаніда Сьвеціка нечакана ўламіліся тры супрацоўнікі КДБ з загадзя падрыхтаванымі панятымі. Гаспадару кватэры яны прад’явілі пастанову пракуратуры аб узбуджэньні крымінальнай справы па арт. 130.1 Крымінальнага кодэксу РБ (распальваньне міжнацыянальнай і міжканфесійнай варожасьці). Згодна пастановы, Леанід Сьвецік зьяўляецца сьведкам па факце пагрозаў да некаторых грамадзянаў з боку мясцовага РНЕ. Ператрус, якім кіраваў дазнавальнік старэйшы лейтэнант КДБ Д.Садковіч, цягнуўся з 9 раніцы да 18 гадзінаў вечару. Былі забраныя для правядзеньня далейшых сьледчых дзеяньняў кампутар, іншае тэхнічнае абсталяваньне, праваабарончая друкаваная прадукцыя, сярод якой былі каляндарыкі, прысьвечаныя 60-годзьдзю заснаваньня ААН. Пасьля ператрусу супрацоўнікі КДБ даставілі Леаніда Сьвеціка ва ўпраўленьне КДБ па Віцебскай вобласьці. Дазнавальнік Д.Садковіч дапытваў праваабаронцу больш за дзьве гадзіны, допыт здымаўся на відэакамеру. 30 траўня ў КДБ дапыталі зноў сп.Сьвеціка, а таксама рэдактара незалежнага бюлетэня “Курьер из Витебска” Ўладзімера Базана і актывістку Алену Залесскую, з іх узялі падпіску пра неразгалошваньне таямніцы сьледзтва.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства