viasna on patreon

БДіПЧ АБСЕ вывучае перадвыбарчую сітуацыю ў Беларусі

2008 2008-06-11T13:03:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

10 чэрвеня адбылася сустрэча лідэраў Аб’яднаных дэмсілаў з дэлегацыяй Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДіПЧ) АБСЕ. Гэтая структура займаецца назіраннем за выбарамі ў розных краінах свету.

Падрабязнасці пра сустрэчу, у якой, акрамя лідера АГП, узялі ўдзел Сяргей Калякін, Вінцук Вячорка, Алена Скрыган і Леў Марголін, нашай праграме паведаміў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька: “З таго боку была дэлегацыя на чале са спадаром Мітчэлам. Што кідаецца ў вочы: па-першае, яны хочуць зразумець, дзе знаходзіцца перадвыбарчая Беларусь, у якой сістэме каардынат. Таму што пасля 2006 года ніякіх кантактаў ні на тэхнічным, ні на палітычным узроўні паміж БДіПЧ і беларускімі ўладамі не было. І не толькі з уладамі, але і з прадстаўнікамі дэмакратычнай супольнасці. Таму ім трэба назбіраць як мага больш інфармацыі. Яны цікавацца ўсім”.

 

Прафесійны падыход

 

Па словах Анатоля Лябедзькі, па ўздымаемых еўрапейцамі пытаннях у яго склалася ўражанне, што гэтыя людзі прафесійна падыходзяць да сваёй справы. “Гэта былі не агульныя пытанні, а, напрыклад, колькі подпісаў фіксуецца на выбарчым бюлетэні і гэтак далей. Гэта паказвае, што пэўную падрыхтоўчую працу яны праводзілі і ведаюць некаторыя нюансы. Мы перадалі ім пакет, які ўключае ў сабе два дакументы аб пазіцыі АДС у адносінах да выбарчай кампаніі, дзе зафіксаваны наш абмежаваны ўдзел у ёй, напрацоўкі, якія былі падрыхтаваныя рабочай групай Нацкаму АДС па зменах у Выбарчы кодэкс і адмову, якую мы атрымалі з Палаты прадстаўнікоў, а таксама шэсць праектаў пастановаў Цэнтравыбаркаму. Што да гэтага пакету, то яны сказалі, што гэта вельмі добра, бо ён фіксуе пазіцыю Аб’яднаных дэмакратычных сілаў і іх намаганняў, каб зрабіць выбары транспарэнтнымі і адпавядаючымі стандартам АБСЕ. Яны збіраюць інфармацыю, аналізуюць, падсумоўваюць і робяць рэкамендацыі: яшчэ незразумела, ці будуць яны прапаноўваць, каб сюды прыехалі наглядальнікі АБСЕ, ці не. Гэта будзе зроблена праз тры тыдні.

 

Па словах Лябедзькі, БДіПЧ АБСЕ пакуль яшчэ не атрымала афіцыйнага запрашэння з беларускага боку на ўдзел у назіранні за выбарамі. Як адзначыў сустаршыня АДС, “яны зацікаўленыя ў доўгатэрміновым нагляданні, а па-другое, іх цікавіць сітуацыя з кароткатэрміновымі наглядальнікамі, і іх цікавіць, наколькі будзе ў іх мажлівасць працаваць, а не проста прысутнічаць на выбарчых участках. Калі ўсё атрымаецца, то доўгатэрміновыя наглядальнікі могуць з’явіцца не раней за жнівень”. 

 

Улады гатовыя да негатыву

 

Аглядальнік Раман Якаўлеўскі скептычна ставіцца да магчымай  прысутнасці назіральнікаў ад БДіПЧ АБСЕ на парламенцкіх выбарах у Беларусі: “Па-першае, мы ведаем, што ўжо цягам дзесяці год ніякіх абяцаных зменаў у Выбарчы кодэкс унесена не было, таму прысутнасць назіральнікаў БДіПЧ АБСЕ і гэтым разам ніякага пазітыву не ўнясе. Хацеў бы нагадаць, што беларускія ўлады ўвогуле настроеныя на тое, што ўсё роўна будзе адмоўны водгук БДіПЧ АБСЕ на праведзеныя выбары, і іх, падаецца, гэта ўжо ўвогуле ніяк не хвалюе”.

 

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі мяркуе, што сітуацыя з назіраннем за цяперашнімі выбарамі не будзе істотна адрознівацца ад ранейшых выбарчых кампаніяў: “Вялікіх наўпроставых перашкодаў фізічнага кшталту не будзе, наадварот, зараз можна заўважыць, што беларускае кіраўніцтва ўсяляк піярыць сваю гатоўнасць шырока расчыніць дзверы перад замежнымі назіральнікамі. Рэч у тым, што тое, што выклікае найбольшыя пярэчанні і з боку апазіцыі, і розных замежных структураў, - гэта латэнтнасць таго механізму, які забяспечвае “элегантныя перамогі”, тое, што немагчыма ўбачыць чалавеку, які прыехаў назіраць на некалькі дзён ці нават тыдняў: гэта і пяць дзён датэрміновага галасавання, гэта і тое, што за падлікам бюлетэняў у камісіях не могуць назіраць прадстаўнікі апазіцыйных партыяў. Адным словам, ёсць цэлы арсенал сродкаў, якія адсякаюць лішнія вочы ад “святая святых”, а менавіта ад таго механізму, у выніку якога з’яўляюцца афіцыйныя лічбы”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства