Міліцыянты зьбівалі моладзевых актывістаў
Падчас музычнага фэсту “Beatles назаўсёды”, што праходзіў у суботу ў Лагойску, некалькі маладых людзей узьнялі бел-чырвона-белыя сьцягі. Праз некалькі хвілін разьюшаны АМАП уварваўся ў натоўп за нацыянальнымі сьцягамі, зьбіваючы пры гэтым юнакоў, сярод якіх быў актывіст Менскага Маладога Фронту Вадзім Ханяўка.
Па словах Вадзіма, ампавец, якому падалося, што маладафронтавец стаіць на ягоным шляху, пхнуў хлопца ў грудзі і кінуў на зямлю. У гэты ж час быў затрыманы і зьбіты моладзевы актывіст Віталь Ізотаў, які трымаў сьцяг.
Празь некаторы час, калі Вадзім выйшаў з натоўпу, да яго падляцеў той самы амапавец і запатрабаваў паказаць рэчы.
“У маім заплечніку было некалькі налепак “Эўрапейская Беларусь”, - кажа Вадзім Ханяўка.- Паміж намі адбылася такая размова: “Што гэта?” - “Налепкі” – “Сам бачу, што налепкі”. Пасьля гэтага амапавец з усяе маху даў мне па каленах, а, калі я ўпаў, пачаў зьбіваць. Людзей, якія маглі б мне дапамагчы, побач не было”.
Акрамя гэтага, амапавец забраў у Вадзіма пасьведчаньне сябра “Свабоднага прафсаюза Беларускага”, афіцыйна зарэгістраванага ў Беларусі.