Апазіцыя зладзіць на парламенцкіх выбарах экзіт-пол
Гэта паабяцаў зрабіць лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька 9 чэрвеня падчас свайго выступу на прэс-канферэнцыі ў Мінску. Праўда, палітык не стаў удакладняць, колькі са 110 акругаў будзе ахоплена сеткай экзіт-полу і адкуль возьмецца столькі добраахвотнікаў.
Справа ў тым, што праводзіць экзіт-полы не дазваляе беларускае выбарчае заканадаўства. Хоць прамой спасылкі на гэта ў Выбарчым кодэксе і няма, аднак Цэнтрвыканкам лічыць, што апытанні на выхадзе есць формай ціску на выбаршчыкаў.
Адзіны раз экзыт-пол дазволілі правесці сацыялагічнай службе ЭКООМ. Прычым замаўляў апытанне менавіта сам Цэнтрвыбаркам. Даследаванне ЭКООМ раней за ЦВК дало вынікі “ашаламляльнай перамогі” Лукашэнкі ў 2006 годзе. Праўда, ніхто, акрамя самога Цэнтрвыбаркаму, гэтымі лічбамі не карыстаўся.
Быў і яшчэ адзін экзіт-пол, які ў 2004 годзе на парламенцкіх выбарах рабіў праз незалежныя беларускія сеткі сусветна вядомы Інстытут Гэлапа. Тое апытанне паказала, што на некаторых выбарчых участках насамрэч перамаглі кандыдаты ад ўлады. Але у большасці акругаў, згодна з вынікамі экзіт-полу, павінен быў адбыца другі тур галасавання.
Самыя ж вялікія фальсіфікацыі былі выўяленыя ў Мінску – па акрузе, дзе балатаваўся вядомы педагог і грамадскі дзеяч Уладзімір Колас. Згодна з апытаннем, ён ужо ў першым туры атрымаў 64% галасоў выбаршчыкаў, але акруговая камісія, а за ёй і ЦВК абвесцілі пераможцам нікому не вядомага сябра Камуністычнай партыі Беларусі.
У 2006 годзе спробы апазіцыі зрабіць экзіт-пол праваліліся.