Справу аб палітычных мультфільмах не спынілі
Менская пракуратура прыпыніла крымінальную справу, распачатую ў 2005 годзе паводле фактаў пашырэньня ў інтэрнэце сатырычных мультфільмаў палітычнага зьместу.
Паводле сьледчых, гэтыя мультфільмы абражаюць Аляксандра Лукашэнку і ўтрымліваюць паклёп на яго. Сёлета 27 сакавіка супрацоўнікі КДБ наведалі офісы рэдакцый, супрацоўнікі якіх працавалі без акрэдытацыі, а таксама кватэры некаторых карэспандэнтаў. У журналістаў забралі аргтэхніку, патлумачыўшы, што яе правераць на датычнасьць да распаўсюджваньня мультфільмаў. Сёньня пракуратура вырашыла вярнуць маёмасьць журналістам.
Начальнік сьледчага аддзела Менскай пракуратуры Сяргей Іваноў патлумачыў Радыё Свабода, што крымінальную справу, якую распачалі яшчэ ў 2005 годзе паводле фактаў распаўсюджваньня ў інтэрнэце сатырычных мультфільмаў з палітычным зьместам, не спынілі. Яна толькі чарговы раз прыпыненая.
Нагадаем: 16 жніўня 2005 году супрацоўнікі КДБ пры ператрусе забралі больш за дзясятак кампутараў і ўсе носьбіты інфармацыі, якія знайшлі ў кватэрах Андрэя Абозава, Паўла Марозава і Алега Мініча.
Пракуратура распачала крымінальную справу за паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Падставай сталі мультфільмы, разьмешчаныя на сайце незарэгістраванай арганізацыі “Трэці шлях”.
Паколькі Алег Мініч, Павал Марозаў і Андрэй Абозаў зьехалі за межы Беларусі, іх абвясьцілі ў крымінальны вышук. Цягам амаль трох гадоў справу некалькі разоў прыпынялі, а потым зноў узнаўлялі, як патрабуе Крымінальна-працэсуальны кодэкс.
Сёлета 27 сакавіка супрацоўнікі КДБ наведалі офісы “Радыё Рацыя”, “Эўрапейскага радыё” і тэлеканалу “БелСат”, а таксама кватэры журналістаў, якія працуюць на гэтыя СМІ. Яны забралі кампутары і аргтэхніку, патлумачыўшы, што праводзяць сьледчыя дзеяньні ў рамках крымінальнай справы аб распаўсюджваньні мультфільмаў у інтэрнэце.
Кіраўнік сьледчага аддзела Сяргей Іваноў паведаміў, што тэхніка, якую забралі ў Паўла Марозава, Алега Мініча і Андрэя Абозава (а гэта больш за дзясятак кампутараў), пакуль будзе знаходзіцца ў пракуратуры:
“Справа прыпыненая чарговым разам. Што значыць “раздаюць тэхніку”? Яе вяртаюць, паколькі сувязі з гэтай справай ня выяўлена. Чаму толькі журналістам? Ну, “мульцяшнікі” гэтыя ў вышуку. Няхай прыходзяць і забіраюць. Да таго часу, пакуль ня будзе вырашаны іх лёс, ніякіх рухаў у іх бок ня будзе. 27 сакавіка тая тэхніка, якую мы забралі, цяпер мы яе вяртаем”.
Павал Марозаў цяпер знаходзіцца ў Таліне. Ён лічыць, што сьледчыя павінны нарэшце спыніць крымінальную справу з-за абсурднасьці абвінавачаньня:
“Няма ніякіх падставаў для падаўжэньня гэтай справы. Няма ніводнага фігуранта гэтай справы ў Беларусі. Дый справа сама па сабе дастаткова абсурдная. Аргтэхнікі нашай шмат забралі. Маніторы і сыстэмныя блёкі, відаць, займаюць зашмат месца ў кабінэтах сьледчых, і яны вырашылі такім чынам пазбавіцца іх”.
Паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, сьледчыя могуць прыпыняць і аднаўляць крымінальную справу цягам дзесяцігодзьдзяў, але ў тым выпадку, калі для гэтага ёсьць падставы.
У жніўні 2005 году, калі стала вядома пра крымінальную справу, міжнародная арганізацыя карыкатурыстаў зьвярнулася да сусьветнай супольнасьці, і ў інтэрнэце зьявіліся дзясяткі новых сатырычных мультфільмаў пра палітычную сытуацыю ў Беларусі. Гэта была праява салідарнасьці зь беларускімі калегамі.
Паўла Марозава, Алега Мініча і Андрэя Абозава сьледчыя лічаць падазраванымі ў крымінальнай справе. Усе трое дагэтуль знаходзяцца ў крымінальным вышуку.