Лябедзьку папярэдзілі за патрабаванне расследаваць пастаўкі зброі за мяжу
Лідэра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку папярэдзілі аб адказнасці за заведама ілжывы данос у сувязі з яго патрабаваннем расследаваць праўдзівасць інфармацыі пра пастаўкі беларускай зброі ў Венесуэлу. Учора палітыка выклікалі ў Генпракуратуру.
Нагадаем, у траўні Лябедзька накіраваў зварот да генеральнага пракурора Рыгора Васілевіча з просьбай правесці расследаванне ў справе паставак беларускімі структурамі зброі калумбійскім паўстанцам. Пра гэта паведамляла замежная прэса, спасылаючыся на знойдзеныя ў забітага камандзіра калумбійскіх паўстанцаў дакументы. Іх праўдзівасць пацвердзіў Інтэрпол.
Паводле словаў Анатоля Лябедзькі, размова ў Генпракуратуры была дзіўнай, у яго склалася ўражанне, што следчы не ведаў, што з ім рабіць. Прапанаваў выбар: калі ліст Лябедзькі - гэта проста інфармацыя, дык Генпракуратура не абавязана на яе рэагаваць, але калі ён - заява, дык яго папярэдзяць. Палітык пагадзіўся на тое, каб яго зварот лічылі заявай, і падпісаў паперу аб адказнасці.
Лябедзька перакананы, што пракуратура мусіць праверыць інфармацыю, распаўсюджаную ў замежных СМІ, тым больш што ў нашай краіне існуе прадстаўніцтва Інтэрпола. Калі яна адпавядае сапраўднасці - сказаць, куды пайшлі грошы ад продажу зброі, калі не - праз еўрапейскія структуры патрабаваць абвяржэння.
БелаПАН