Сьцяг не прызналі
Міністэрства культуры адхіліла прапанову Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры аб наданні бел‑чырвона‑беламу сцягу статусу гісторыка‑культурнай каштоўнасці. Пра гэта БелаПАН паведаміў старшыня таварыства Антон Астаповіч.
Паводле яго слоў, 18 чэрвеня ў офіс таварыства паступіла адпаведная выпіска з пратакола пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова‑метадычнай рады па пытаннях гісторыка‑культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры ад 21 мая за подпісам намесніка міністра Уладзіміра Грыдзюшкі.
Сваю пазіцыю члены рады матывавалі «недастатковай аргументаванасцю і дакументальнай абгрунтаванасцю» прапановы грамадства. Акрамя таго, зазначаецца ў дакуменце, ёсць заключэнні Інстытута гісторыі і Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, «якія сведчаць пра неадпаведнасць пададзеных матэрыялаў прававым нормам і нявывучанасць гісторыі гэтага пытання».
А.Астаповіч назваў рашэнне рады чаканым. Пры гэтым ён падкрэсліў, што заяўка на наданне бел‑чырвона‑беламу сцягу статусу гісторыка‑культурнай каштоўнасці была аформлена ў адпаведнасці з заканадаўствам.