Паседжаньні мясцовых уладаў праходзяць закрыта
Як паведаміла службе маніторынгу ГА «БАЖ» рэдактарка выдання Святлана Гарда, дагэтуль перашкод у працы карэспандэнту «ИП» ў Мікашэвічах не стваралася. Па словах журналісткі, распараджэнне не дапускаць недзяржаўныя СМІ на афіцыйныя мерапрыемствы аддаў намеснік старшыні Лунінецкага райвыканкама Віктар Рафаловіч. Ён прысутнічаў на апошнім пасяджэнні Мікашэвіцкага гарвыканкама на мінулым тыдні і выказаў неразуменне з нагоды прысутнасці ў зале карэспандэнта недзяржаўнага выдання.
Карэспандэнтка «Информ-прогулки» ў Мікашэвічах Галіна Самуйлік акрэдытаваная пры Мікашэвіцкім гарвыканкаме з 2003 года. У горадзе гранітаздабытчыкаў, дзе каля 14 тысяч жыхароў, у недзяржаўнага выдання шмат прыхільнікаў. Калі распараджэнне Лунінецкай раённай адміністрацыі будзе выконвацца і надалей, яны акажуцца пазбаўленымі інфармацыі пра дзейнасць мясцовых органаў улады.
У красавіку г.г. фактычную адмову ў акрэдытацыі атрымала і сама рэдактарка «Информ-прогулки» Святлана Гарда, якая падавала адпаведную заяўку у Лунінецкі райвыканкам. Замест акрэдытацыі раённыя чыноўнікі далі журналістцы дазвол «на асвятленне грамадска—масавых і культурных мерапрыемстваў», але па-ранейшаму адмаўляюцца пускаць яе на пасяджэнні райвыканкама.
«Рэдакцыя не мае патрэбы ў дазволе райвыканкама на асвятленне грамадска—масавых і культурных мерапрыемстваў, бо такое права гарантавана выданню Канстытуцыяй і законам «Аб друку…», — падкрэсліла ў гутарцы са службай маніторынгу БАЖ Святлана Гарда.
У Брэсцкім аблвыканкаме, дзе журналісты спрабавалі абскардзіць дзеянні райвыканкама, ніякіх парушэнняў не ўгледзелі.