viasna on patreon

Справа «стаматолаг супраць журналіста» працягваецца

2008 2008-06-18T13:26:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Судовыя слуханні па зыску слонімскай доктаркі-стаматолага Наталлі Кіман да журналіста «Газеты Слонімскай» Сяргея Васільева працягнуцца ў Слонімскім раённым судзе 30 чэрвеня. Гэткую дату прызначыла суддзя Наталля Радзівонік, 18 чэрвеня заслухаўшы бакі канфлікту.

Нагадаем, стаматолага Н. Кіман абурыў артыкул С. Васільева «Вырванный зуб чуть было не стал причиной смерти», надрукаваны ў сакавіцкім нумары «Газеты Слонімскай». Журналіст расказаў гісторыю хваробы сланімчанкі Галіны Мароз, якая ледзьве не памерла пасля таго, як Н. Кіман вырвала ёй зуб.

Сп. Кіман палічыла, што выкладзеныя ў артыкуле звесткі абражаюць яе гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю. У якасці кампенсацыі маральнага ўрону доктарка патрабуе ад журналіста Сяргея Васільева 10 мільёнаў рублёў.

Між тым, у студзені 2008 г. суд прызнаў стаматолага Н. Кіман вінаватай у прычыненні шкоды пацыентцы Мароз.

«Мы перакананыя ў тым, што не парушылі закон і ніякім чынам не зняважылі ў артыкуле гонар спн. Кіман. Таму намераны адстойваць свае інтарэсы ў судзе», — адзначыў у гутарцы з прэс-службай БАЖ рэдактар «Газеты Слонімскай» Віктар Валадашчук.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства