Будзь вольным!
“Беларуская музычная альтэрнатыва” рыхтуе чарговы буйны рок-фестываль па-за межамі краіны, які будзе называцца “Be free!” Гэты фестываль ёсць свайго кшталту працягам мерапрыемства, якое прайшло летась ва ўкраінскім Луцку.
Падрабязнасці нашай праграме паведаміў кіраўнік “Беларускай музычнай альтэрнатывы” Віталь Супрановіч: “8-10 жніўня ў Львове адбудзецца фэст “Be free!” – “Будзь свабодным!”. Зараз гэты фэст знаходзіцца на падрыхтоўчым этапе, ужо ёсць дазвол львоўскіх уладаў на гэтыя даты, ёсць дазвол на пляцоўкі. Фестываль будзе цягнуцца два дні, будуць дзве сцэны – адна ў парку і адна на рынку, на Цэнтральнай плошчы. Плануецца ўдзел каля 15-20 гуртоў. Гэта яшчэ залежыць ад таго, з якога і да якога часу нам дазволяць гэтыя мерапрыемствы, бо гэта пакуль яшчэ ўзгадняецца”.
Па словах Віталя Супрановіча, арганізатары фестывалю ставяць перад сабою мэты “па-першае, дапамагчы беларускім гуртам, як вядомым, так і маладым, бо фестываляў не вельмі шмат у Беларусі, і нам здаецца, што трэба прапагандаваць беларускую музыку ў бліжэйшых краінах, у першую чаргу, у тых, што мяжуюць з Беларуссю – Польшча, Україна, Літва. Мы правялі той фестываль, мы хацелі паглядзець, што з гэтага атрымаецца, у прынцыпе, атрымалася даволі нядрэнна, таму ў гэтым годзе мы робім працяг”.
Нагадаем, што летась беларускія ўлады імкнуліся перашкодзіць аматарам беларускага року трапіць на фестываль “Права быць вольным”, два аўтобусы з беларускімі гледачамі былі спыненыя ў розных месцах, у выніку чаго больш за сотню меламанаў не змаглі атрымаць асалоду ад выстыпаў сваіх улюбёнцаў. Як гэта будзе сёлета, пакажа час.