Апазіцыю пусцяць у сябры Цэнтрвыбаркама
Праект указа аб прызначэнні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі чацвёртага склікання накіраваны на разгляд прэзідэнту, паведаміла старшыня Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына.
У гэтым праекце вызначана магчымая дата правядзення парламенцкіх выбараў - 28 верасня. Лідзія Ярмошына сказала таксама, што кіраўніку дзяржавы накіраваны на разгляд праекты яшчэ двух дакументаў: указа аб назначэнні выбараў членаў Савета Рэспублікі і дэкрэта аб членах Цэнтрвыбаркама з правам дарадчага голасу. Гэты дэкрэт датычыцца прадстаўнікоў палітычных партый, што ўдзельнічаюць у выбарах, перадае БЕЛТА.
Згодна з каштарысам расходаў, затраты на правядзенне гэтай выбарчай кампаніі складуць Br24,6 млрд.
Цэнтральная камісія прыняла пастанову, якая вызначае ўзоры пячацей для акруговых і ўчастковых выбарчых камісій. У ёй таксама ўстаноўлены памеры скрынь для выбарчых бюлетэняў. Лідзія Ярмошына адзначыла, што ў гэтай пастанове ёсць прынцыпова новы момант. "Упершыню мы рабілі пячаці спецыяльна для акруговых выбарчых камісій. Раней яны выкарыстоўвалі пячаці мясцовых выканкамаў. Усе вырабленыя пячаці будуць пранумараваны ў адпаведнасці з нумарамі акруг - ад нумар 1 да нумар 110", - сказала субяседніца.
Першым этапам выбараў у беларускі парламент будзе стварэнне акруговых выбарчых камісій. Яны ўтвараюцца ў адпаведнасці з колькасцю дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, гэта значыць іх будзе 110. Устаноўлена сярэдняя колькасць выбаршчыкаў на акругу - 64042 чалавекі. Затым пачнецца вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты. Згодна з дзеючым заканадаўствам, існуе тры спосабы вылучэння: кандыдатам можа стаць прадстаўнік канкрэтнага працоўнага калектыву, палітычнай партыі, а таксама любы грамадзянін Беларусі старэйшы за 21 год, які сабраў тысячу подпісаў у сваю падтрымку.