Чакаецца старт выбарчай кампаніі
Чакаецца, што 24 чэрвеня пачнецца выбарчая кампанія ў парлямэнт, і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прымуць законапраект аб СМІ ў другім чытаньні. 20 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка сустракаўся са старшынёй Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіяй Ярмошынай, якая прадставіла пакет дакумэнтаў уключна з праектам дэкрэту, паводле якога выбары адбудуцца 28 верасьня. “Выбарчая камісія будзе абвешчана 24 чэрвеня 2008 года. То бок, у аўторак у нас пачнецца кампанія па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і сяброў Савета Рэспублікі”, – сказала Ярмошына. З выказваньня Лідзіі Ярмошынай вынікае, што сёньня павінен зьявіцца дэкрэт прэзыдэнта аб прызначэньні даты парлямэнцкіх выбараў. А 25 чэрвеня ЦВК зацьвердзіць каляндарны плян мерапрыемстваў выбарчай кампаніі, каштарыс выдаткаў на яе правядзеньне, а таксама пастановы б формах дакумэнтаў. Да 14 ліпеня ўключна адбудзецца фармаваньне выбарчых камісіяў. А з 20 ліпеня – вылучэньне кандыдатаў: ад палітычных партыяў, працоўных калектываў і ад грамадзянаў шляхам збору подпісаў. А дэпутаты сёньня зьбяруцца на апошняе пленарнае паседжаньне. 27 чэрвеня адбудзецца сумеснае паседжаньне абедзьвюх палат: урад будзе адказваць на пытаньні дэпутатаў. Парадак дня на сёньня напружаны, кажа дарадца-кансультант прэсавай службы Ірына Саветкіна, назваўшы некаторыя з пытаньняў: “Аб рэгістры насельніцтва; аб дэкрэце прэзыдэнта аб прызначэньні сацыяльных пэнсій; аб правілах беларускай артаграфіі і пунктуацыі; аб таварных біржах; аб мэліярацыі зямель; аб мытным тарыфе; аб органах фінансавых расьследаваньняў; ратыфікацыя міжнародных дамоваў; аб выкарыстаньні атамнай энэргіі, аб сродках масавай інфармацыі – усяго 15 пытаньняў”. Ці пасьпее Палата прадстаўнікоў разгледзець законапраект аб мэдыях у другім чытаньні? Меркаваньне сябра пастаяннай парлямэнцкай камісіі па правах чалавека, нацыянальным дачыненьням і СМІ Аляксандра Сьвірыда: “Я думаю, будуць старацца давесьці да другога чытаньня цяпер. А як яно атрымаецца? А можа, і на пачатку кастрычніка, на наступнай сэсіі. Усё будзе залежыць ад колькасьці прапановаў, дапаўненьняў, зьмяненьняў”. Мяркуючы па хуткасьці прыняцьця праекту Закона аб СМІ ў першым чытаньні, у другім ён таксама будзе прыняты, выказвае прагноз палітычны аглядальнік Аляксандар Класкоўскі: “Вельмі вялікія шанцы, што ён будзе прыняты, хаця слова “шанцы” тут, відаць, ня вельмі ўдалае, ва ўсякім разе, для незалежнай журналісцкай супольнасьці. Гэта ня проста эмоцыі, гэта сфармулявалі дакладна экспэрты Беларускай асацыяцыі журналістаў. Там шмат пастак для незалежнай прэсы. Аднак, той форс-мажорны парадак, зь якім пракручваецца гэты закон праз парлямэнт, якраз і паказвае, што ўлады сьпяшаюцца, пакуль ня ўзьняўся вялікі шум, прыняць гэты закон менавіта на гэтай сэсіі”.