Гродзенскія ўніяты выступілі супраць Першага нацыянальнага канала
https://spring96.org./be/news/22496
2008
2008-07-01T15:45:19+0300
2008-07-01T15:45:19+0300
1970-01-01T03:00:00+0300
be
Вернікі Гродзенскай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божае Фацімскай звярнуліся з адкрытым лістом да кіраўніцтва Першага нацыянальнага канала тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь.
Падставай да зварота стала дэманстрацыя на “Першым” у цыкле “Летапіс часоў” фільма, прысвечанага Берасцейскай Уніі.
“У фільме пад выглядам гістарычных фактаў гледачу прапаноўваліся далёкія ад гістарычнай праўды міфы і ідэалагічныя штампы савецкіх часоў пра гісторыю Уніяцкай царквы і яе дзейнасць. Наша Грэка-Каталіцкая Царква, езуіты, а таксама Апостальская Сталіца, былі паказаныя як выключна варожыя беларускаму народу. У той жа час выключна станоўча, як абаронца беларускага народу, была паказана такая неадназначная з’ява як казацтва і яе правадыры, хоць гісторыкам добра вядомыя факты знішчэння і рабавання казацкімі войскамі (у розныя перыяды гісторыі) многіх гарадоў Беларусі (у тым ліку Жыровічаў) з іх цэрквамі, манастырамі і святынямі... .”,- гаворыцца ў лісце.
Вернікі лічаць, што аўтары фільма ствараюць глебу для парушэння рэлігійнага міра ў краіне, настройваючы праваслаўных братоў супраць грэка-католікаў. Аўтары ліста падкрэсліваюць асаблівую недарэчнасць з’яўлення такога фільма падчас афіцыйнага візіта ў Беларусь Дзяржсакратара Ватыкана кардынала Тарчызіо Бертонэ і чакаюць тлумачэнняў з боку кіраўніцтва Першага нацыянальнага канала. Душпастыр гродзенскіх грэка-католікаў а.Андрэй Крот кажа :
“Мы здзіўленыя з’яўленнем гэтага фільма, таму што з вуснаў афіцыйных асобаў, у тым ліку супрацоўнікаў апарата Ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, мы атрымліваем высокую ацэнку ўкладу нашай Царквы ў гісторыю і культуру беларускага народа. Вядома, гісторыя Уніі складаная, але гэта поле для працы гісторыкаў, а не прапагандыстаў”. Зварот падтрымалі вернікі грэка-каталіцкіх парафій Брэста, Ліды, Івацэвічаў. Адкрыты ліст накіраваны таксама ў “Вячэрні Гродна”, “Гродзенскую праўду”, паведамляе гродзенскі
Твой Стыль .