viasna on patreon

Апытаньне пра фальсіфікацыю

2008 2008-07-02T16:46:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Уладзімір НЯКЛЯЕЎ, паэт:

— Нічога. Што б і хто ні рабіў, усё роўна сфальсіфікуюць вынікі галасавання. Без маны некаторым проста нецікава жыць.

Алена ЯСЬКОВА, старшыня жаночай партыі "Надзея", рашэнне аб ліквідацыі якой прыняў Вярхоўны суд Беларусі:

— Мне здаецца, што ў сённяшняй сітуацыі, калі амаль усё знаходзіцца пад кантролем дзяржавы, для таго, каб выбары прайшлі без фальсіфікацый, нічога зрабіць немагчыма. Мне асабіста з цяжкасцю верыцца, што ў нашай краіне могуць быць справядлівыя выбары, калі ўсё адпавядае не толькі нашаму заканадаўству, але і міжнародным нормам.

Валерый ФРАЛОЎ, генерал-маёр запасу:

— У нашых умовах — нічога. Я нават магу прыблізна ўявіць, як усё адбудзецца. З дэмакратаў зарэгіструюць чалавек 25. Двум альбо тром з іх "дазволяць" трапіць у Палату прадстаўнікоў. Прычым гэтыя людзі будуць думаць, што яны самыя разумныя, што змаглі абысці нават сваіх партыйных босаў. Не выключаю, што новаабраныя дэпутаты-апазіцыянеры нават уступяць у канфрантацыю з той часткай апазіцыі, якая не трапіць у парламент. І зноў будзе чарговы разлад у апазіцыйных колах…

Лявон БАРТЛАЎ, мастак:

— Для цікавасці можна зрабіць вялікую мішэнь і кідаць у яе дроцікі. Але гэта таксама нічога не зменіць.

Аксана ЦЕЛЯШУК, менеджэр:

— Правесці выбары на другой планеце, альбо запрасіць у якасці назіральнікаў іншапланецян, якіх нельга нічым спакусіць і падкупіць.

Валянцін АКУДОВІЧ, філосаф:

— Зрабіць нічога нельга, таму што машына па прадукаванні неабходных вынікаў наладжана настолько бліскуча, што патрэбны працэнт галасоў будзе зроблены нават без буйных і вельмі заўважных фальсіфікацый. На гэты вынік ужо сёння і днём, і ноччу працуе ідэалагічная машына дзяржавы.

Аляксей ЯНУКЕВІЧ, намеснік старшыні Партыі БНФ:

— Я лічу, што нічога немагчыма зрабіць. Пабудаваная сістэма, на жаль, не дае магчымасці пазбегнуць фальсіфікацый. Трэба мяняць Выбарчае заканадаўства і ўсю сістэму.

Сергей АЛЬФЕР, старшыня юрыдычнай камісіі Аб'яднаных дэмакратычных сіл:

— Змяніць кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь, а таксама органы, якія праводзяць даныя выбары — Цэнтральную камісію па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў. Іншых варыянтаў я пакуль не бачу.

Алесь ЛАГВІНЕЦ, памочнік экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча:

— Прызначыць у выбарчыя камісіі прадстаўнікоў ад усіх палітычных партый і кандыдатаў.

Дазволіць вольна праводзіць сустрэчы ва ўсіх адкрытых пляцоўках і ва ўсіх школах — без усялякіх папярэдніх дазволаў, а проста праз уведамленні аб сустрэчах. Неабходна вольная магчымасць праводзіць сустрэчы і пікетаванні.

Магчымасць запісваць свае ролікі на дзяржаўным тэлебачанні і проста аддаваць свае ролікі ў эфір.

Магчымасць распаўсюджвання інфармацыі без перасцярогі быць затрыманым на пэўны час і без канфіскавання ўлётак.

Магчымасць для назіральнікаў прысутнічаць на ўсіх пасяджэннях выбарчых камісій.

Магчымасць ад самага пачатку атрымліваць інфармацыю пра колькасць выбаршчыкаў на кожным выбарчым участку (я падкрэсліваю — менавіта на кожным участку).

Адмена датэрміновага галасавання без пісьмовага пацвярджэння неабходнасці гэтага.

Магчымасць для назіральнікаў атрымліваць любую інфармацыю ад выбарчых камісій, паколькі гэта нідзе не забаронена законам.

Магчымасць бачыць, што рэальна пазначана на выбарчых бюлетэнях. І таксама магчымасць пры патрэбе (у прысутнасці, безумоўна, прадстаўнікоў улады) пералічваць назіральнікам вынікі галасавання.

Таксама абавязковая магчымасць апублікавання спісу вынікаў выбараў па кожным асобна ўзятым участку (цяпер Цэнтрвыбаркам адмаўляецца паведамляць гэтыя звесткі).

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства