Улады пагражаюць сваякам удзельнікаў выбарчае кампаніі
Сёньня пад час прэсавай канфэрэнцыі, якая адбылася ў сядзібе Партыі БНФ, лідэры Аб’яднаных дэмакратычных сілаў распавялі пра факты ўціску рэгіянальных уладаў на актывістаў, якія маюць намер узяць актыўны ўдзел у кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.
Не пасьпела пачацца выбарчая кампанія, як улады далі зразумець, што не пакінуць па-за ўвагаю тых людзей, якія пажадалі вылучацца кандыдатамі на дэпутата Палаты прадстаўнікоў ад апазыцыі. Першымі актамі такога ўдзеяньня сталі непрацягі працоўных кантрактаў звальненьні з працы тых, чые імёны апынуліся ў адзіным сьпісе прэтэндэнтаў у кандыдаты ад кааліцыі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Алесь Мех з Кобрыну, сябра Партыі БНФ, інжынэр Кобрыньскага ўпраўленьня магістральных газаправодаў, які адпрацаваў там больш за чатырнаццаць гадоў, чалавек зь дзьвюма вышэйшымі адукацыямі, пазбавіўся працы ад 1-га ліпеня. Калі яго выклікалі да кіраўніцтва ўпраўленьня, то ў прысутнасьці начальніка мясцовага адзьдзяленьня КДБ паставілі ультыматум: альбо ты адбамаўляесься балятавацца, альбо з табой не працягнуць кантракт, як тое, у рэшце рэшт, і адбылося.
“Пад час гэтай размовы мяне таксама папярэдзілі, што, калі я буду балатавацца, то потым я нідзе не знайду працу – ні ў прыватным сектары, ні на дзяржпрадпрыемствах”, - паведаміў патэнцыйны кандыдат на дэпутата парлямэнта.
Але ня толькі самога Алеся Меха тычыліся пагрозы. Яго запрасіў на размову памочнік дзейнага дэпутата Палаты прадстаўнікоў Віктара Кучынскага Юры Філіновіч, які абяцаў дапамогу ў тым выпадку, калі спадар Мех адмовіцца ўдзельнічаць у выбарах. Аднак зьдзівіла Алеся Меха ня гэта. “Ён мне сказаў: калі ты ня здымеш сваю кандыдатуру, мы звольнім тваю жонку, - распавёў актывіст. - Ёсьць тэлефон, зараз мы патэлефануем кіраўніку адзьдзелу адукацыі, і ў тваёй жонкі таксама будуць праблемы”.
Аналягічны лёс напаткаў яшчэ аднаго актывіста БНФ Леаніда Аўтухова. Як адзначыў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, ужо цяпер кіраўніцтвва АДС змушана пераглядаць адзіны сьпіс сваіх кандыдатаў на выбары. “Сьвятлана Панамарова, якая знаходзіцца на дзяржаўнай службе, падверглася ўціску, - распавёў палітык. - Яе паставілі перад сытуацыяй: альбо яна не балятуецца, альбо зь ёй не падпісваюць кантракт. Канешне, у гэтай сытуацыі мы былі змушаныя зыходзіць, у першую чаргу, з інтарэсаў асобы, і яна выйшла з адзінага сьпіса”.
Анатоль Лябедзька прывёў яшчэ шэраг прыкладаў уціску на дэмакратычных актывістаў, якіх мясцовыя ўлады змушаюць адмовіцца ад удзелу ў выбарчай кампаніі. Так, пасьля вылучэньня назіральнікам у Цэнтравыбаркам быў затрыманы і па надуманых прычынах асуджаны на сем сутак адміністратыўнага арышту сябра палітрады АГП, намесьнік старшыні арганіазцыі “Маладыя дэмакраты” Міхаіл Пашкевіч. Падаткавая інспэкцыя зьнянацку пачала моцны прэсінг актывіста партыі з чарнобыльскай зоны – з гораду Брагіну Леніда Судаленкі; аналягічны выпадак здарыўся зь яшчэ адным актывістам Мікалаем Гаўрыленкам. А ў прадпрымальніка з Баранавічаў Мікалая Чарнавуса ўлады паабяцалі адабраць замлю, выдзеленую пад будаўніцтва крамы.
А яшчэ, распавёў Анатоль Лябедзька, у дэмакратычных актывістаў міліцыянты пачынаюць высьвятляць, дзе тыя былі ўноч з 3-га на 4-га ліпеня, падчас трагічных падзеяў у беларускай сталіцы. “Я ня ведаю, ці гэта ініцыятыва зь Менску, ці гэта вар’яцтва на ўзроўні рэгіёнаў, - адзначыў кіраўнік АГП. - Гэта ўжо ўвязваюць, што калі вы будзеце займацца нейкай актыўнай палітычнай дзейнасьцю, уваходзіць у склад камісіяў ці ўдзельнічаць у выбарах, то мы вас можам зрабіць тэрарыстамі і зьвязаць з справай выбуху, які адбыўся ў Менску”.
Паводле словаў першага намесьніка старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі, напярэдадні ўся гэтая інфармацыя была даведзеная да ведама дэлегацыі Эўрапейскай Камісіі на чале з кіраўніком палітычнага адзьдзелу Генэральнага сакратарыяту Эўрапейскага Зьвязу Хэльгай Шмідт (дэлегацыя Эўракамісіі цяпер знаходзіцца ў Беларусі ды абмяркоўвае пытаньні будучых выбараў як з апазыцыяй, гэтак і з афіцыйным Менскам).
“Мы назвалі ўчора гэтыя канкрэтныя факты і сьцьвердзілі, што тое, што пачынаецца, нажаль, ужо сёньня вымушае нас гаварыць пра недэмакратычнасьць кантэксту, у якім адбываецца выбарчая кампанія”, - сказаў першы намесьнік старшыні Партыі БНФ.
“Мы падкрэсьлілі, што ўлады сёньня могуць абяцаць абяцанкі, што ў нас ёсьць пакет патрабаваньняў працэдурнага кшталту, які ўключае ў сабе рэгістрацыю кандыдатаў адзінага сьпісу, плюралістычнае фармаваньне выбарчых камісіяў усіх роўняў, рэальную магчымасьць працаваць зь людзьмі, - адзначыў Вінцук Вячорка. - Але да выбарчых патрабаваньняў, да патрабаваньняў, зьвязаных з ацэнкаю меркаваных выбараў, напрамую таксама адносіцца адсутнасьць страху ў грамадзтве, адсутнасьць палітычнага, адміністрацыйнага і любога іншага перасьледу ўсіх уключаных у гэтую кампанію”.
Удзельнікі прэсавай канфэрэнцыі адзначылі, што ніякія спробы ўладатрымцаў супрацьпаставіць суб’ектаў кааліцыі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў адно адному ня будуць мець посьпеху. Лідэры АДС яшчэ раз зьвярнулі ўвагу ўладаў на небясьпеку выкарыстоўваць трагедыю, якая адбылася ў Менску ўноч на 4-га ліпеня, у палітычных мэтах дзеля распальваньня варожасьці і перасьледу палітычных апанэнтаў дзейнае ўлады.