viasna on patreon

Завадзкая: Рассьледаваньне справы Зьмітра Завадзкага – пусканьне пылу ў вочы

2008 2008-07-08T16:17:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

7 чэрвеня 2000 году, беларускі журналіст, апэратар ГРТ Зьміцер Завадзкі зьнік пры нявысьветленых абставінах па дарозе ў аэрапорт Менск-2.

Ужо 8 гадоў як ягоная маці, жонка й сын ня ведаюць, што зь ім здарылася й хто вінаваты ў ягоным зьнікненьні.

Суд пакараў зьняволеньнем былых спэцназаўцаў МУС падразьдзяленьня “Алмаз”. Але да гэтага часу ня высьветлена, што здарылася са Зьмітром Завадзкім і дзе ён знаходзіцца.

Пра тое, як зараз ідзе расьсьледаваньне справы аб зьнікненьні Зьмітра Завадзкага, расказвае жонка журналіста Сьвятлана Завадзкая.

С. Завадзкая: Неяк цяжка сказаць, на якім этапе зараз знаходзіцца справа. Бо ўвесь этап гэтых васьмі гадоў – гэта пастаяннае замоўчваньне ўладамі таго, што адбываецца насамрэч. Зараз справа прыпыненая, яе прыпынілі амаль адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году й да гэтага часу – больш за два гады – не ўзнаўлялі.

У 8 угодкі зьнікненьня Зьмітра Завадзкага Сьвятлана Завадзкая падала заяўку на правядзеньне пікету ў цэнтры Менску на плошчы Свабоды. Мэтай правядзеньня пікету павінна было стаць прыцягненьне ўвагі грамадзкасьці да рэальнага расьсьледаваньня справаў скрадзеных у Беларусі вядомых асобаў. Разам з тым – патрабаваньне прыняцьця й ратыфікацыі Рэспублікай Беларусь міжнароднай канвэнцыі “Аб абароне ўсіх людзей ад гвалтоўных зьнікненьняў”, якая напрыканцы 2006 году была прынятая Генэральнай Асамблеяй ААН. Але правядзеньне пікету ў цэнтры горада было забаронена ўладамі.

С. Завадзкая: Справа ў тым, што ў чарговы раз Менгарвыканкам адмовіў у правядзеньні пікету, спасылаючыся на гэты раз на тое, што правядзеньне пікету ў заяўленым месцы – далей буду цытаваць “стварае перашкоды для пешаходаў і транспартнага руху ў раёне дамоў, тратуараў і вуліц, прылеглых да будынкаў Менскай гарадзкой Ратушы”.

Я, канешне, разумею, што ўладам хацелася б, каб пікеты па такой “непажаданай” для ўладаў тэме правадзіліся недзе за кальцавой дарогай, а яшчэ лепей у лесе, каб ніхто ня бачыў. Але не дачакаюцца, таму што Артыкул 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь гарантуе грамадзянам краіны свабоду мірных сходаў. І ўлада павінна выконваць тое, што запісана ў вышэйшых законах дзяржавы. Таму, можа ня сёньня, але ў бліжэйшы час, спадзяюся, што агульнымі намаганьнямі мы зможам дасягнуць таго, каб гаранты, якія нам дае Канстытуцыя, маглі быць рэалізаваныя, і каб улада не рабіла з закону ўласнасьці для барацьбы з іншадумствам.

Вядома, што ў лютым 2006 году прэзыдэнт ЗША Джордж Буш прыняў асабіста Сьвятлану Завадзкую й выразіў сваю падтрымку ў расьсьледаваньні справы зьнікненьня яе мужа Зьмітра Завадзкага. Улічваючы той факт, што Зьміцер з 1994 па 1997 працаваў асабістым апэратарам беларускага прэзыдэнта, то мы пацікавіліся, ці былі за гэтыя гады нейкія афіцыйныя словы ці дзеяньні ў падтрымку сям’і Завадзкіх з боку кіраўніка беларускай дзяржавы?

С. Завадзкая: Ніякіх добрых словаў, ніякай падтрымкі з боку кіраўніка за гэты час не было.

Пытаньне расьсьледаваньня загадковага зьнікненьня Зьмітра Завадзкага неаднаразова ўздымалася на міжнародным узроўні.

С. Завадзкая: Усе, хто цікавіцца й ведае справу Зьмітра, ацэньваюць расьсьледаваньне, праведзенае беларускімі ўладамі, як “пусканьне пылу ў вочы”. Таму аб неабходнасьці правядзеньня рэальнага расьсьледаваньня пастаянна робяць заявы многія міжнародныя арганізацыі. Так, у 2004 годзе Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы прыняла рэзалюцыю, у якой патрабавала ад беларускіх уладаў правесьці незалежнае расьсьледаваньне па справе Зьмітра Завадзкага, а таксама адправіць Віктара Шэймана, Юрыя Сівакова й Уладзімера Навумава, а таксама Зьмітра Паўлючэнку ў адстаўку.

Патрабаваньні раскрыць праўду аб зьнікненьні Зьмітра ўтрымліваюцца ў рэзалюцыі Камісіі ААН па правах чалавека, Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. Пастаянна заявы на гэты конт робяць “Рэпартэры бязь межаў”, “Камітэт па правах журналістаў”, “Фэдэрацыя па правах журналістаў і многія іншыя журналісцкія арганізацыі.

Калі б расьсьледаваньне беларускіх уладаў задавальняла міжнародную супольнасьць, то не было б столькі патрабаваньняў да іх (беларускіх уладаў), якіх, на жаль, яны не выконваюць, а, калі дакладна, ігнаруюць.

Гісторыя справы зьнікненьня журналіста й матэрыялы, якія асьвятляюць гэтае пытаньне ў прэсе, можна знайсьці на сайце, прысьвечаным памяці Зьмітра Завадзкага: www.zavadsky.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства