Апазыцыя вылучыла ў камісіі каля 150 кандыдатаў
Сёньня — апошні дзень вылучэньня кандыдатаў у склад акруговых выбарчых камісіяў. Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы яшчэ да пачатку выбарчай кампаніі публічна абвясьцілі сваю мэту — прапанаваць свайго кандыдата ў кожную са 110 камісіяў.
Прэсавы сакратар АДС Юры Пацёмкін сказаў “Свабодзе”, што абсалютна дакладную лічбу вылучэнцаў назваць нельга. Ахвотных працаваць у акруговых камісіях прапаноўвалі ня толькі палітычныя партыі, але і грамадзкія арганізацыі. Да таго ж знайшліся актывісты, якія самастойна зьбіралі подпісы, каб балятавацца ў акруговыя камісіі, — удакладняе спадар Пацёмкін:
“І калі гэта ўсё абагульніць, дык мы атрымаем лічбу дзесьці ў памерах 140—150 кандыдатаў у склад акруговых выбарчых камісіяў”.
Юры Пацёмкін параўноўвае сытуацыю з той, якая была чатыры гады таму, на папярэдніх парлямэнцкіх выбарах. Тады вылучэнцаў ад апазыцыі было пад дзьве сотні. Але цяпер адбор вёўся больш уважліва і старанна, падкрэсьлівае прэсавы сакратар АДС:
“Ёсьць адрозьненьні, якія найперш зьвязаныя з тым, што зараз апазыцыя стала больш зьяднанай. І больш сыстэматызаваная праца ідзе. Таму і зьявіліся адзіныя сьпісы і тых, хто балятуецца ў акруговыя камісіі, і тых, хто зьбіраецца стаць дэпутатамі.
Чатыры гады таму кожная партыя вылучала столькі кандыдатаў, колькі хацела. Не было адзінага каардынацыйнага цэнтру, які б адбіраў самых падрыхтаваных для працы ў акруговых камісіях кандыдатаў. І таму, мне падаецца, тады лік ішоў дзесьці пад дзьве сотні кандыдатаў”.
Сустаршыня АДС Анатоль Ляўковіч кажа, што кандыдаты ў акруговыя камісіі ад апазыцыі гэтым разам падрыхтаваныя як ніколі добра. Усё пытаньне — ці ўключаць іх у склад камісіяў? Учорашнія заклікі Аляксандра Лукашэнкі стварыць усім прэтэндэнтам роўныя ўмовы павінны быць пацьверджаныя рэальнымі справамі, канстатуе спадар Ляўковіч:
“Канечне, гэта — гульня на публіку. Рэжым можа існаваць толькі тады, калі электарат замбаваны, калі зь ім ня могуць сустракацца людзі іншых поглядаў, асабліва прадстаўнікі іншых партыяў, іншых ідэалёгіяў. Таму — чаго тут строіць ілюзіі?”
Згодна з выбарчым заканадаўствам фармуюць акруговыя камісіі прэзыдыюмы абласных і менскага гарадзкога саветаў і выканкамаў. На гэта даецца тры дні. Такім чынам, да аўторка, 15 ліпеня, склад усіх 110 камісіяў павінен быць вызначаны.